Беларусь і Казахстан удасканальваюць падатковы кантроль

16 марта 2016

Падставай стала падпісанне сёння ў Мінску дапаўненняў  у  пагадненне, што дзейнічае паміж краінамі. Яно дазваляе пазбягаць двайнога  падаткаабкладання і прадухіляе падатковыя парушэнні. Як падкрэслілі бакі, актуалізацыя нормаў закона гарантуе  суб'ектам гаспадарання камфортнае ажыццяўленне дзейнасці на тэрыторыі дзвюх краін, а парушальнікам ускладняе ўмовы працы. Асобныя нормы  датычацца выкладчыкаў і студэнтаў.

Ергалі Булегенаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана ў Беларусі, пастаянны прадстаўнік Казахстана пры статутных і іншых органах СНД па сумяшчальніцтве: "У нас 276 студэнтаў зараз навучаюцца ў Беларусі. Плацяжы, прызначаныя для навучання ў Беларусі, не абкладаюцца падаткам у адпаведнасці з гэтым дакументам. Таксама зараз у нас добрая практыка: выкладчыкі, навуковыя супрацоўнікі  ў Казахстане, у Беларусі могуць працаваць. Казахстанцы могуць тут працаваць і да 24 месяцаў яны вызваляюцца ад падаткаў. Гэта таксама на карысць  умацавання нашых адносін".

Сяргей Налівайка, Міністр па падатках і зборах Беларусі: "Асноўны прыярытэт  -  гэта стварэнне камфортных, зручных  умоў працы для суб'ектаў гаспадарання. А, паверце, такіх пераважная большасць".

Абмен інфармацыяй паміж краінамі выходзіць на новы ўзровень - зараз падатковыя органы змогуць атрымліваць неабходныя звесткі ад банкаў, фінансавых устаноў замежных дзяржаў, а таксама ад фізічных  асоб.