Беларусь і Егіпет створаць Савет дзелавога супрацоўніцтва

3 сентября 2019
Гандаль і інвестыцыі Беларусь і Егіпет абмяркоўваюць сёння на бізнес-форуме ў Мінску, які адкрыўся некалькі хвілін таму. Прадстаўнікі кампаній, топ-менеджары, а таксама кіраўнікі галіновых міністэрстваў дзвюх краін вывучаюць прапановы дзелавых колаў у пошуку новых перспектыўных праектаў. Якія сферы выклікаюць узаемную цікавасць, даведаемся ў нашага карэспандэнта Святланы Лук’янюк. 

Егіпет для Беларусі - на афрыканскім кантыненце партнёр даўні і цікавы. Гэта добрая стартавая пляцоўка для прасоўвання сваіх або агульных тавараў на ўвесь Блізкі Усход і афрарынак. Штогадовыя кантакты на ўсіх узроўнях, у тым ліку і бізнесу. І гэта дае вынік. Калі тры гады таму ўзаемны гандаль быў каля 50 мільёнаў долараў, то летась ужо перасягнуў за сотню. Спадзяванні на павелічэнне даюць і некалькі праектаў, аб якіх краіны гавораць як аб перспектыўных. Гэта і ўдзел у засваенні эканамічнай зоны Суэцкага канала, сумесная праца ў фармацэўтыцы, вытворчасці сокаў, малочнай прадукцыі, а таксама тэкстылю. Аб гэтым як раз зараз ужо гавораць дзелавыя колы дзвюх краін на бізнес-форуме. Ён у рамках пасяджэння сумеснай гандлёвай камісіі. Яна шостая па ліку. Адкрылася сёння раніцай, працягне працу і заўтра.

А сёння таксама звераць гадзіннікі кіраўнікі прадпрыемстваў. Іх за вялікім перагаворным сталом у адной з зал Нацыянальнай бібліятэкі больш як 80. Дыялог стартаваў роўна ў 15:00. А тое, што кантакты плануюць завязаць сур'ёзна і надоўга, гаворыць, напрыклад, рашэнне стварыць Савет дзелавога супрацоўніцтва. Ужо нават вядома, што сустрэцца ў яго фармаце плануюць у студзені наступнага года ў Каіры. Як раз зачын на будучыню сфарміруюць зараз на бізнес-форуме ў Мінску. Першыя вынікі перамоў і заявы ад кожнага з бакоў ужо ў наступным выпуску навін.