Андрэй Кабякоў наведаў з рабочай паездкай Пухавіцкі раён

13 мая 2017

Крэдытная падтрымка прадпрыемстваў павінна адпавядаць тэрмінам акупнасці праектаў, на якія ідуць банкаўскія пазыкі. Аб гэтым напярэдадні заявіў прэм'ер-міністр Беларусі падчас рабочай паездкі па Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Андрэй Кабякоў наведаў "Завод горнага воску", а таксама "Марозпрадукт", найбуйнейшую ў рэгіёне фабрыку марожанага. Кампаніі ў апошнія гады актыўна інвеставалі ў абнаўленне вытворчасцяў. З новымі цэхамі з'явіліся і новыя рынкі збыту. Але тэрміны разлікаў па даўгах часам апярэджваюць час акупнасці новых вытворчасцяў. Урад мае намер прывесці ў адпаведнасць гэтыя тэрміны, каб прадпрыемствы надалей маглі больш паспяхова разлічвацца па крэдытах.

Прыклад паспяховай працы на рынку - кампанія "Марозпрадукт". Гэта адзін з нешматлікіх вытворцаў, які атрымаў дазвол на пастаўкі прадукцыі ў Еўрасаюз. Фабрыка, дарэчы, асвойвае і далёкія рынкі Паўднёвай Амерыкі. А таксама гатова адгружаць марожанае ў Кітай. Андрэй Кабякоў асоба адзначыў, што ўрад акажа фабрыцы садзейнічанне ў асваенні кітайскага рынку.