Аграрны год завяршаюць фермеры Мінскай вобласці

28 октября 2015

Збіраюць апошні ўраджай і рыхтуюць ўгоддзі пад наступны. Падводзяць вынікі сезону і ў фермерскай гаспадарцы Уздзенскага раёна – адной з лепшых у краіне. Добраму ўраджаю збожжа, бульбы, морквы, буракоў і цыбулі тут не перашкодзіла засушлівае надвор’е. Надзея Сербіненка даведалася, як стварыць сямейную фермерскую гаспадарку.

Кастрычнік для фермера Юрыя Лойкі – як завяршэнне аграрнага года. Амаль увесь ураджай ужо сабраны, але надыходзіць час рыхтаваць палі да новага сезона. Кіраўнік гаспадаркі сёлетнім ураджаем задаволены. Некалькі велізарных сховішчаў цалкам запоўненыя агароднінай.

У гэтым сховішчы – 1200 тон свежасабранай агародніны. Гэта капуста, бульба, морква, буракі і цыбуля. Уся прадукцыя можа захоўвацца тут да мая, пакуль усё не будзе распрададзена.

З рэалізацыяй вырашчанай прадукцыі праблем не ўзнікае. Частку ўраджаю гаспадарка рэалізоўвае на восеньскіх кірмашах і ў магазінах, амаль палову пастаўляюць на экспарт – у асноўным, у Расію. Восенню да фермера прыязджаюць і самі пакупнікі - набываюць бульбу непасрэдна ў вытворцы.

Большасць пасяўных плошчаў у фермерскай гаспадарцы адведзена пад пшаніцу, бульбу і капусту. Вузкая спецыялізацыя дае добры прыбытак. Таксама як і выбар самых ураджайных сартоў.

Юрый і яго бацька Вадзім стварылі моцную фермерскую гаспадарку ўсяго за 15 гадоў. Сямейны падыход да справы адчуваецца ва ўсім – на складах і палях ідэальны парадак і дысцыпліна, адносіны ў калектыве - таксама амаль сямейныя. Працаваць прыходзіцца шмат, а найлепшы стымул - добры заробак.

Свежую сельгаспрадукцыю, у тым ліку з фермерскіх гаспадарак, можна будзе набыць ужо ў гэтыя выхадныя на традыцыйных кірмашах – як у раённых цэнтрах, так і ў Мінску. У сталіцы гандаль разгорнецца на дзвюх пляцоўках – ля Палаца спорту і “Чыжоўка-Арэны”.