Інвестыцыйны патэнцыял Мінска ў будаўнічай сферы прэзентавалі ў Канах

19 ноября 2015

На штогадовай выставе гандлёвай нерухомасці і інвестыцый MAPIC-2015 у Францыі ўжо чацвёрты раз нашу краіну прадставіла група кампаній "Дана Холдынгс" - найбуйнейшы забудоўшчык у Беларусі. Будаўнічы гігант перамог адразу ў дзвюх намінацыях: "Лепшы забудоўшчык шматфункцыянальных комплексаў у Еўропе", а таксама "Лепшы забудоўшчык гандлёвых цэнтраў". На суд міжнароднага журы кампанія вынесла свае найбуйнейшыя праекты: шматфункцыянальныя комплексы "Мінск-Мір", "Маяк Мінска" і гандлёва-забаўны цэнтр "Дана мол". Паводле прагнозаў аналітыкаў, толькі ўвядзенне ў эксплуатацыю комплексу "Мінск-Мір" у доўгатэрміновай перспектыве можа прывесці да росту ВУП краіны на 6-7 % у год. Будаўніцтва аб'екта стартавала ў кастрычніку - гэта самы вялікі праект кампаніі ў Еўропе.

Гэры Бэроўз, кіраўнік упраўлення камерцыйнай нерухомасцю групы кампаній "Дана Холдынгс": "Нам вельмі прыемна, што міжнароднае журы адзначыла нашы дасягненні. Значыць, кірунак, у якім мы рухаемся, правільны. Мы імкнёмся, каб нашы аб'екты адпавядалі сучасным тэхналогіям і нават апярэджвалі свой час. І, што яшчэ больш важна, максімальна адказвалі патрэбнасцям тых, хто будзе тут жыць і працаваць. Наш найбуйнейшы комплекс "Мінск-Мір" ужо сёння прываблівае замежных інвестараў".

Падчас выставы забудоўшчык таксама склаў дагаворы з буйнымі замежнымі рытэйлерамі адзення. Яны размесцяцца ў найбуйнейшым у краіне гандлёва-забаўным цэнтры "Дана мол". Ён адкрыецца ўжо вясной. Выстава MAPIC у Канах лічыцца самай прэстыжнай у Еўропе ў сферы гандлёвай нерухомасці і інвестыцый. Падзея традыцыйна збірае вядучых дэвелопераў, рытэйлераў і інвестараў з усяго свету. Сёлета свае стэнды на 12 тыс. квадратных метраў выставачнай плошчы прадстаўляюць 700 экспанентаў. Чакаецца, што выставу наведаюць не менш за 17 тыс. спецыялістаў.