37 прадпрыемстваў Віцебскай вобласці аб'яднаныя ў чатыры аграхолдынгі

19 декабря 2016

37 прадпрыемстваў Віцебскай вобласці, занятыя вытворчасцю сельгаспрадукцыі, аб'яднаныя ў чатыры аграхолдынгі. Мёрскі камбікормавы завод стане часткай полацкай інтэграцыйнай структуры, але ці вырашыць гэта яго праблемы - пытанне пакуль адкрытае. Прадпрыемства загразла ў даўгах - гаспадаркі не разлічваюцца за пастаўлены камбікорм, а вытворцам, у сваю чаргу, не хапае сродкаў для аплаты энергарэсурсаў і крэдытаў. Такі стан спраў доўжыцца не адзін год. У праблеме разбіралася Вольга Маслоўская.

У працоўнай кніжцы галоўнага інжынера завода Сяргея Мацвеева адзін запіс: "Прыняты на Мёрскі камбікормавы". Працуе на прадпрыемстве больш чым 30 гадоў. Пад яго кіраўніцтвам ішла рэканструкцыя цэха па вытворчасці камбікармоў. Без абнаўлення некалькі гадоў таму прадпрыемства рызыкавала адстаць ад канкурэнтаў.

Рэканструкцыю цэха правялі па індывідуальным праекце. Пасля мадэрнізацыі вырасла магутнасць з 70 да 100 тон гатовай прадукцыі за змену. Але галоўнае - кармы сталі высокай якасці. Разумныя агрэгаты дазваляюць раўнамерна размеркаваць нават 200 грамаў дабаўкі ў тоне корму.

Мёрскі завод забяспечвае камбікармамі чатыры раёны. Спецыялізацыя - буйная рагатая жывёла. Планавалі пашырыць асартымент і пачаць вырабляць гранулят для свіней і птушак, але праект і сёння ляжыць пад сукном. Банкі не крэдытуюць - папярэднія пазыкі пратэрмінаваныя. Уласных сродкаў на будаўніцтва няма. А спагнаць вялізныя даўгі са шматгадовых даўжнікоў - задача, гавораць, няпростая.

Завадчане спадзяюцца, што клубок узаемных неразлікаў пачне разблытвацца пасля ўступлення прадпрыемства ў аграхолдынг - адзін з чатырох, што ствараюцца ў Віцебскай вобласці. Вялікія інтэграцыйныя структуры аб'яднаюць прадпрыемствы па прынцыпе "ад поля да прылаўка" і, на думку спецыялістаў, дазволяць знізіць сабекошт сельгаспрадукцыі і павысіць рэнтабельнасць аграсектара.

Свой погляд на няпростую сітуацыю выказаў Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Кіраўнік буйнога медыяхолдынга сустрэўся з калектывам камбікормавага завода ў Мёрах. Падкрэсліў: праблему нельга замоўчваць.

Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Як вырашаць? Тут трэба ўсім разам. Павінны спрацаваць вялікія дзяржаўныя структуры. Абавязкова ўрад павінен папрацаваць. Можа, трэба стварыць спецыяльныя мабільныя структуры. Не чыноўніцкія, а мабільныя - з практыкаў, якія б займаліся кожным асобным выпадкам: па даўгах, па невяртанні нейкіх рэсурсаў".

Тым больш што патэнцыял у мёрскага прадпрыемства ёсць. На вытворчасці ўкаранілі міжнародную сістэму менеджменту якасці. Працуюць не толькі з аптовымі пакупнікамі: праз дыстрыб’ютарскую сетку рэалізуюць камбікармы насельніцтву.