230 тысяч тон бульбы сабралi ў Мінскай вобласцi

17 октября 2018

Мінская вобласць цалкам завяршыла ўборку бульбы. Ураджай у сельгасарганізацыях перавысіў 230 тысяч тон. Гэта лепшы вынік у краіне. Агульны ж збор другога хлеба дзякуючы фермерам павялічыцца ў некалькі разоў. Дарэчы, сёлета, нягледзячы на засуху, добра сябе паказалі сарты беларускай селекцыі. Як пакупнікі сустракаюць фіялетавую бульбу, у чым сэнс экапрадуктаў? З тымі, хто стварае гастранамічнае багацце беларусаў, сустрэўся Аляксей Кандраценка.

З добрай сотні сартоў бульбы навуковы супрацоўнік аддзела селекцыі Юлія Гунько курыравала стварэнне дзясятка. Сярод іх і назва, сугучная з імем дзяўчыны. Зрэшты, за прыгожым супадзеннем і мілагучнымі бульбянымі брэндамі не толькі эстэтыка, але і мэтавае прызначэнне.

А яшчэ сарты “вектар” і “лель” падыходзяць для бульбы фры і чыпсаў. Пюрэ лепш гатаваць з “нары” і “гарантыі”. У такой разнастайнасці ёсць і свае белыя вароны, больш дакладна, чырвона-фіялетавыя віды другога хлеба. Іх можна сустрэць у гандлёвых сетках сталіцы, праўда, пакупнікоў бянтэжыць і цана (амаль 8 рублёў за кілаграм), і колер. З ім як раз усё ў парадку, запэўніваюць навукоўцы. Але каляровая бульба, больш тыповая для краін Паўднёвай Амерыкі, пакуль не можа зламаць спажывецкі стэрэатып.

Яшчэ адна са стратэгічных задач селекцыянераў - стварэнне сартоў, якія адпавядаюць патрабаванням арганічнага земляробства. І тут у нашых вучоных ёсць пэўныя дасягненні.

Як мінімум 4 фактары, якія ўплываюць на імкненне вырошчваць і прадаваць экапрадукты: выдаткі, рэнтабельнасць, клімат і, вядома, попыт. Фермеры ўсё ўлічваюць наперад.

У гэтым сэнсе галоўны сусветны аўтарытэт - Аўстрыя. 40 % ураджаю тут бія- і экабульба. Праўда, і ў беларусаў са сваёй разнастайнасцю другога хлеба ёсць цікавая статыстыка. За год на аднаго чалавека ў нашай краіне вырошчваюць амаль 600 кілаграмаў бульбы. Самы высокі паказчык у СНД дазваляе нашым аграрыям не толькі забяспечыць сябе, але і паспяхова гандляваць.