Затрыманы гамяльчанін, які ўначы раніў трох міліцыянераў

16 мая 2018

Супрацоўнікі беларускага АМАПа затрымалі гамяльчаніна, які сёння ўначы раніў трох міліцыянераў. Праваахоўнікі адшуквалі 24-гадовага жыхара абласнога цэнтра. Ён быў прыгавораны ў 2017 годзе за хуліганства і незаконны абарот наркотыкаў да трох гадоў абмежавання волі.

Віталь Прыстромаў, афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама: "Каля паўночы аператыўнікі знайшлі яго ў гарадскім тралейбусе на прыпынку грамадскага транспарту "Універмаг "Гомель". Падчас затрымання зламыснік аказаў супраціўленне і нанёс праваахоўнікам нажавыя раненні рознай ступені цяжару. Супрацоўнікаў даставілі ў бальніцу і прааперыравалі. Падчас правядзення далейшых вышуковых мерапрыемстваў той, хто нападаў, быў абясшкоджаны і затрыманы".

Параненыя міліцыянеры зараз знаходзяцца ў бальніцы, іх стан ацэньваецца як стабільны.