Новыя падрабязнасці справы аб нападзе гімназіста на настаўніцу паведаміў Следчы камітэт

21 сентября 2017

Новыя падрабязнасці рэзананснай справы аб нападзе гімназіста на настаўніцу сёння паведаміў Следчы камітэт. Дзевяцікласнік Данат Скакун нанёс нажавыя раненні педагогу ў вобласць шыі, грудзей і рук. Сляды крыві настаўніцы знайшлі на адзенні школьніка. Акрамя таго, на яго руцэ выявілі рэзаную рану.

Карціну таго дня следчыя ўзнавілі літаральна па хвілінах. У 8 гадзін 12 хвілін Данат Скакун прыйшоў у школу для пераздачы верша па рускай літаратуры. Гэта і стала матывам нападу, растлумачылі следчыя. Вучань нанёс сваёй настаўніцы 17 нажавых раненняў.

Паводле звестак экспертызы, у момант злачынства школьнік усведамляў свае ўчынкі. Яго дзеянні былі кваліфікаваныя як замах на забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю. Вярхоўны суд прыгаварыў гімназіста да 8-мі гадоў выхаваўчай калоніі.