У Слоніме высвятляюць прычыны ДТЗ

4 июля 2017

У Слоніме высвятляюць прычыны ДТЗ - напярэдадні цеплавоз пратараніў легкавы аўтамабіль. Вадзіцель ад атрыманых траўм загінуў на месцы, яго жонка памерла ў клініцы. Яшчэ адна жанчына, якую пара падвозіла з дачы, зараз знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане. Вядома, што аўтамабіль выехаў на чыгуначныя рэйкі ў той момант, калі ішоў цягнік. Тармазны шлях саставу аказаўся больш за 300 метраў.

Людміла Ракевіч, інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама: "Як сцвярджаюць відавочцы ДТЗ, цягнік падаваў гукавы сігнал, сігналізацыя на чыгуначным пераездзе была спраўная, аднак па нейкай прычыне вадзіцель выехаў на чыгуначны пераезд і не змог пазбегнуць сутыкнення. Састаў грузавога цягніка налічваў 66 вагонаў, таму спыніць адразу цеплавоз было немагчыма".

Папярэдне вядома, што вадзіцель, які загінуў, быў цвярозы і меў шматгадовы вопыт кіравання. У ДАІ таксама прызначаныя дадатковыя экспертызы па факце ДТЗ.