У Пінску міліцыя затрымала фальшываманетчыка

18 августа 2016

Мясцовага жыхара, які паставіў на паток друк фальшывых рублёў узору гэтага года. Вядома аб збыце сямі купюр на гарадскіх рынках, фанцікі ў асноўным распаўсюджвалі дзеці 10-12 гадоў. Згодна з паведамленнямі МУС, фальшыўкі з'явіліся ў горадзе напрыканцы мінулага тыдня. У розных магазінах, гандлёвых пунктах былі выяўлены падробленыя купюры наміналам 5 і 20 рублёў. Падчас аператыўна-вышукных мерапрыемстваў было ўстаноўлена, што для рэалізацыі падробак фальшываманетчык выкарыстоўвае некалькі злачынных схем. Напрыклад, прыцягвае дзяцей. Прапаноўвае падлеткам купіць чыпсы, а здачу вярнуць. Фальшыўкі меншага наміналу атрымлівалі ў асноўным пенсіянеры, якія гандлявалі на рынку гароднінай. Падазронага міліцыя затрымала напярэдадні вечарам пасля чарговай спробы расплаціцца фальшыўкай у адным з магазінаў Пінска. У мужчыны з сабой былі тры паперкі па 5 рублёў. Ужо пасля ў яго кватэры аператыўнікі знайшлі каляровы прынтар, арыгінал пяцірублёвай купюры і пяць яе копій. Следствам узбуджана крымінальная справа.