У Наваполацку свойскі далмацінец укусіў васьмімесячнага хлопчыка за галаву

21 февраля 2018

Гэта адбылося, калі маладая маці разам з дзіцем гасцявалі ў бабулі. Першую дапамогу маленькаму пацыенту аказалі наваполацкія ўрачы. Затым дзіця даставілі ў аддзяленне нейрахірургіі Віцебскай абласной клінічнай бальніцы. Стан дзіцяці стабільны, яго жыццю нічога не пагражае.

Яўген Сямёнаў, загадчык нейрахірургічнага аддзялення Віцебскай абласной клінічнай бальніцы: "Выканана трэпанацыя чэрапа, ліквідаваны дэфекты. На сённяшні дзень стан дзіцяці стабільны, нармальны. Гуляе, есць, рухае ручкамі, ножкамі. Добра спіць. Са слоў маці, пакуль радзей усміхаецца, чым звычайна".

Святлана Сахарава, афіцыйны прадстаўнік УСК Беларусі па Віцебскай вобласці: "Высветлена, што сям'я характарызуецца станоўча. У сацыяльна небяспечным становішчы яна не знаходзіцца. Сабака належыць бабулі дзіцяці. Зараз праверка працягваецца".

Праверку праводзіць Наваполацкі гарадскі аддзел Следчага камітэта. Вядома, што сабака прышчэплены, ёсць ветэрынарны пашпарт.