У Мінску арыштавалі гвалтаўніка

5 февраля 2018

У Мінску арыштавалі гвалтаўніка, які апошні месяц наганяў страх на жыхароў мікрараёна Серабранка. Мужчыну затрымалі ўчора позна ўначы на вуліцы Малініна падчас аператыўных мерапрыемстваў. На працягу месяца яго шукалі за згвалтаванне 18-гадовай дзяўчыны. Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, зламыснік учыніў яшчэ як мінімум два напады на жанчын. Зараз падазроны знаходзіцца пад вартай і ўжо дае сведчанні. Падрабязнасці затрымання - у Юрыя Шаўчука.

Спальны мікрараён на паўднёвым усходзе сталіцы - Серабранка. Акрамя шматлікіх жылых дамоў, тут ёсць мноства паркаў і лясных масіваў. Позна ўвечар у такіх месцах лепш не хадзіць, але людзі часам грэбуюць правіламі бяспекі і, каб зрэзаць свой шлях, ідуць напроста праз лесапарк. Менавіта гэтым і карыстаўся гвалтаўнік, які чакаў сваіх ахвяр у такіх бязлюдных месцах.

Першы напад на сваю ахвяру гвалтаўнік учыніў у лесапарку на вуліцы Якубава. Зламыснік згвалтаваў і абрабаваў 18-гадовую дзяўчыну. Затым было яшчэ мінімум два напады, але ў абодвух выпадках з-за мінакоў давесці да канца свой намер зламысніку не атрымалася.

Наталля Ганусевіч, афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінска: "Для таго каб увесці супрацоўнікаў міліцыі ў зман, зламыснік пераапранаўся ў рознае адзенне, а наяўныя на целе бачныя татуіроўкі дбайна хаваў элементамі адзення".

Пошук гвалтаўніка працягваўся роўна месяц. Учора праваахоўнікам удалося затрымаць падазронага. Уначы на вуліцы Малініна падчас планавых мерапрыемстваў па затрыманні злачынца ўвагу аператыўнікаў прыцягнуў малады чалавек, падобны прыметамі да зламысніка. Падчас вобыску ў мужчыны быў выяўлены вось гэты нож. А згодна са сведчаннямі ўсіх пацярпелых, менавіта халоднай зброяй ім і пагражаў злачынца.

Наталля Ганусевіч, афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінска: "У раённым упраўленні малады чалавек даў сведчанні і раскаяўся ў зробленым. Супрацоўнікам міліцыі ён растлумачыў, што ўчыняў злачынствы дзеля сексуальнага задавальнення і матэрыяльнага ўзбагачэння".

Затрыманым аказаўся 26-гадовы мінчанін. Афіцыйна малады чалавек не працаўладкаваны, але ён падзарабляў на аўтамыйцы. Таксама вядома, што раней падазроны ўжо быў судзімы за ўхіленне ад воінскай службы.

Зараз у дачыненні да затрыманага Следчым камітэтам заведзена адразу дзве крымінальныя справы: за згвалтаванне і злоснае хуліганства.

Юлія Дранькова, афіцыйны прадстаўнік УСК Беларусі па г. Мінску: "Расследаванне праводзіць УСК па Мінску. Прызначаны шэраг экспертыз".

Тым часам праваахоўнікі працягваюць шукаць пацярпелых. Калі вы таксама пацярпелі ад дзеянняў гэтага чалавека, патэлефануйце ў міліцыю (017) 367 62 02, (033) 333 67 17 альбо 102.