У карупцыі падазраюцца супрацоўнікі Глыбоцкай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

25 апреля 2018

У карупцыі падазраюцца і трое службовых асоб Глыбоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Праваахоўнікі ўстанавілі, што супрацоўнікі інспекцыі, перавышаючы свае службовыя паўнамоцтвы, закрывалі вочы на дзеянні браканьераў, дазваляючы парушальнікам пайсці са здабычай і пазбегнуць пакарання. Незаконная рыбалка і паляванне былі разгорнуты на тэрыторыі Глыбоцкага і Пастаўскага раёнаў Віцебскай вобласці.

Аляксей Зімін, начальнік упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Віцебскага аблвыканкама: "Падчас адпрацовак аператыўнай інфармацыі і працы са сведкамі ўжо зараз атрыманы звесткі аб дачыненні гэтых асоб да супрацьпраўнага боку выканання сваіх службовых абавязкаў. Усталяваны таксама пытанні і атрымання імі хабараў ад так званых браканьераў за прыхільныя да іх адносіны і вырашэнне пытанняў".

Узбуджана крымінальная справа па артыкуле "Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае з карыслівай або іншай асабістай зацікаўленасці".