У Чашніцкім раёне ўстанаўліваюць прычыны смяротнага ДТЗ

7 августа 2017

У Чашніцкім раёне следчыя ўстанаўліваюць прычыны смяротнага ДТЗ, у якім загінулі 29-гадовы мужчына і 6-гадовая дзяўчынка. Паводле папярэдняй інфармацыі, вадзіцель быў п'яны. Мінулай ноччу легкавы аўтамабіль з'ехаў у кювет і ўрэзаўся ў дрэва. У машыне яшчэ знаходзіліся жонка загінуўшага і іх 2-гадовая дачка. Яны змаглі выбрацца з машыны самастойна. З рознымі траўмамі жанчыну даставілі ў бальніцу, яе стан урачы ацэньваюць як здавальняючы. Дзяўчынка не пацярпела.

Аляксандр Казючыц, начальнік АДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама:

"Аварыя адбылася на прамым участку дарогі, які добра асвечаны, у цёмны час сутак. Прызначаныя экспертызы, па выніках якіх будуць устаноўлены ўсе акалічнасці ДТЗ".

Вядома, што ў момант аварыі дзеці знаходзіліся на заднім сядзенні аўто. Як адзначаюць у ДАІ, у машыне адсутнічалі спецыяльныя ўтрымліваючыя прылады. Рамянямі бяспекі яны таксама прышпіленыя не былі.