Крымінальная справа ўзбуджаная ў дачыненні экс-дырэктара магілёўскага камунальнага прадпрыемства "Жылкамгас"

16 мая 2017

Крымінальная справа ўзбуджаная ў дачыненні экс-дырэктара магілёўскага камунальнага прадпрыемства "Жылкамгас". Артыкул - "Перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў". Паводле інфармацыі супрацоўнікаў міліцыі, дадзены факт з'яўляецца толькі часткай маштабнай процізаконнай схемы. Падчас праверак аператыўнікі высветлілі, што прадпрыемствы ЖКГ закуплялі тавары па завышаных цэнах. Прычым падобная праца вялася на працягу трох гадоў, пачынаючы з 2012 года. У міліцыі паведамілі, што кіраўнікі ўстаноў ЖКГ працавалі ў тандэме з нейкім дырэктарам больш чым дзясятка камерцыйных кампаній. Апошні пастаўляў прадпрыемствам помпавае абсталяванне. Праўда, коштавая палітыка выклікала шмат пытанняў. Цана завышалася ў 13 разоў.

Дзмітрый Шчадракоў, начальнік УБЭЗ УУС Магілёўскага аблвыканкама: "Былі ўзбуджаныя крымінальныя справы ў дачыненні кіраўнікоў прадпрыемстваў ЖКГ шасці раёнаў вобласці, а прычыненая шкода склала больш як 450 тысяч рублёў. Устаноўлены ўдзел у рэалізацыі гэтай злачыннай схемы кіраўнікоў прадпрыемстваў ЖКГ больш чым з 30 раёнаў усіх абласцей краіны. У дачыненні ўдзельнікаў злачыннай змовы ўзбуджана 36 крымінальных спраў, па 12 матэрыялах праводзяцца праверкі".

Папярэдняя шкода па дадзеных фактах склала амаль 2 мільёны рублёў. У міліцыі паведамляюць, што планы ў аферыстаў былі маштабныя. У сваю схему яны планавалі ўцягнуць і іншых прадстаўнікоў ЖКГ.