Сталі вядомыя новыя падрабязнасці аварыі з беларускімі турыстамі ва Украіне

31 марта 2017

Нагадаем, аўтобус, які вяртаўся з нашымі суайчыннікамі з Букавеля, перавярнуўся з-за лабавога сутыкнення з машынай. Паводле слоў відавочцаў, вадзіцель легкавога аўто выехаў на сустрэчную паласу. Вадзіцель аўтобуса паспрабаваў пазбегнуць сутыкнення, але вылецеў з дарогі і перакуліўся. У салоне знаходзіліся 42 чалавекі. Медыцынская дапамога спатрэбілася 12. Вадзіцеля аўтобуса з пераломам пятага груднога пазванка і пасажыра легкавушкі - грамадзяніна Малдовы - шпіталізавалі. Яны ў цяжкім стане. Астатнія пасля аказання дапамогі адпушчаны на амбулаторнае лячэнне. 2 чалавекі загінулі.

Юрый Голуб, спецыяліст аддзела нацыянальнай паліцыі Львоўскай вобласці Украіны: "Папярэдне ўсталявана, што ад атрыманых траўм памёр 26-гадовы вадзіцель "мерседэса", яго 39-гадовы пасажыр памёр у бальніцы. Яшчэ адзін пасажыр атрымаў траўмы. Пасажыры аўтобуса таксама атрымалі цялесныя пакалечанні, колькасць траўміраваных удакладняецца".

Па факце ДТЗ украінская паліцыя ўзбудзіла крымінальную справу. Пасольства Беларусі ва Украіне кантралюе ход расследавання, высвятляе акалічнасці ДТЗ. Задзейнічаны ганаровы консул у Львове.

І яшчэ адна аварыя адбылася сёння з удзелам беларусаў за мяжой. Раніцай у Паневежскім раёне Літвы беларускі аўтобус з 20 дзецьмі з'ехаў у кювет на слізкай дарозе. Ніхто не пацярпеў. Пашкоджана пярэдняя частка аўтобуса. Пасажыраў часова размясцілі ў гасцініцы. А пасля група прадоўжыла рух па маршруце на іншым аўтобусе.