Следчы камітэт завяршыў расследаванне ў дачыненні асуджанага Уладзіслава Казакевіча

5 марта 2018

Летась, адбываючы пакаранне ў выпраўленчай калоніі №17 у Шклове, ён напаў з нажом на кантралёраў. Здарылася гэта ў момант вобыску камеры асуджанага. Тады раненні атрымаў адзін з кантралёраў.

Падчас следстваў было ўстаноўлена, што Казакевіч распрацаваў злачынны план, накіраваны на забойства начальніка калоніі, каб адпомсціць за ўжыванне дысцыплінарных пакаранняў. Для гэтага ён загадзя знайшоў прыладу для злачынства - нож, які хаваў у камеры. Забойства ён планаваў ажыццявіць у момант, калі яго выклікаюць для аб'яўлення чарговай пастановы аб парушэнні ўнутранага парадку.

Аксана Салянюк, афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці:

"На падставе сабраных матэрыялаў Казакевічу прад'яўлена канчатковае абвінавачанне ў падрыхтоўцы да злачынства, у замаху на забойства дзвюх асоб у сувязі з ажыццяўленнем імі службовай дзейнасці, учыненае асобай, якая раней учыніла забойства. І напад на прадстаўніка адміністрацыі выпраўленчай установы. Паводле высноў псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, Казакевіч у перыяд інкрымінуемага дзеяння мог у поўнай меры ўсведамляць характар сваіх дзеянняў і кіраваць імі".

У кастрычніку 2016-га Уладзіслаў Казакевіч напаў на наведвальнікаў гандлёвага цэнтра з бензапілой, у выніку загінула жанчына, яшчэ дзве пацярпелі. Тады суд прыгаварыў непаўналетняга Казакевіча да максімальна магчымага пакарання - 15 гадоў пазбаўлення волі. Зараз за напад у калоніі асуджанаму пагражае да 25-ці гадоў турмы.