Прынята рашэнне па справе турыстычнай фірмы "Няролі"

23 февраля 2017

Прынята рашэнне па справе турыстычнай фірмы "Няролі": 6 з паловай гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Адбываць пакаранне асуджаная будзе ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму - такі прысуд Вользе Іваноўскай, якая стаяла на чале кампаніі. Разгляды па справе доўжыліся некалькі гадоў. Дзясяткі пацярпелых і вялікі ўрон. Прадстаўнікі арганізацыі абяцалі адправіць кліентаў у розныя краіны, некаторым былі прададзены пуцёўкі ў беларускія санаторыі. Калі турысты прыязджалі на базы адпачынку або ў гатэлі, ім паведамлялі, што з турфірмай ужо даўно не працуюць і ніякай броні няма, як і аплаты тура.

Пад варту экс-дырэктара турыстычнай фірмы Вольгу Іваноўскую ўзялі ў зале суда. Да гэтага жанчына знаходзілася пад хатнім арыштам. Бакі могуць абскардзіць прысуд на працягу 10 дзён.