Новыя напады невядомага дзікага звера на хатніх жывёл у Смалявіцкім раёне

23 октября 2018

Новыя напады невядомага дзікага звера на хатніх жывёл. У Смалявіцкім раёне з пачатку лета драпежнік забіў ужо некалькі дзясяткаў авечак у мясцовага фермера. Зрэшты, у сельсавеце запэўнілі, сітуацыю трымаюць на кантролі, а драпежнікам займаюцца паляўнічыя. Чыіх іклаў гэта справа і як абараніцца ад няпрошанага госця - на месца падзей выехала наша здымачная група.

Расказвае Аляксандр Камовіч.

Аляксандра Шынкарова з вёскі Замосце ўжо другі год тэрарызуе невядомы драпежнік. Смяротныя раны на шыі хатняй жывёлы - як знак. Летась ад іклаў звера загінулі тры цяляці. А апошнія некалькі месяцаў статак авечак літаральна растае на вачах - толькі лічы страты.

Аляксандр Іванавіч успамінае, за 10 гадоў жыцця ў Замосці ні разу не чуў пра напад драпежнікаў у раёне. Мужчына - адзіны ў вёсцы, хто трымае вялікі падворак - коні, каровы, авечкі. Некаторыя жывёлы начуюць у адным вальеры, але гэта агрэсара не збянтэжыла, дзвюх авечак літаральна разадралі.

Ад участка з жыўнасцю да найбліжэйшага лесу літаральна 300 метраў. Пасля сённяшняга нападу, на месца прыязджала міліцыя і паляўнічыя. Яны параілі абгарадзіць участак вось такой чырвонай стужкай яна, нібыта, дапаможа адпужаць драпежніка. Аднак гаспадар сумняваецца, што гэта дапаможа засцерагчы яго і так парадзелы статак.

Аб праблеме мясцовага жывёлагадоўца ведаюць і мясцовыя ўлады. Зрэшты, у сельсавеце перакананыя, што ў першую чаргу аб бяспецы свайго статка павінен падбаць сам гаспадар.

Чыіх іклаў справа, зараз высвятляюць мясцовыя падлоўчыя. Ні пра якую чупакабру размова, вядома, не ідзе. Аднак дакладна, хто іменна арудуе ў вёсцы, пакуль не паведамляецца.

Аляксандр Іванавіч адзначае, што пасля начных нападаў нават сабакі забіваюцца ў будкі і не падаюць голасу. Паляўнічыя ў сваю чаргу паабяцалі прыняць усе меры, каб абараніць людзей і жывёл. Пакуль жа мужчыну застаецца спадзявацца, што ў наступныя ночы на яго ўчастку няпрошаных гасцей не будзе