Недзіцячая гульня ў Інтэрнэце ледзь не прывяла дзвюх школьніц да трагедыі

2 марта 2017

Знаёмыя яны не былі, але абедзве знаходзіліся ў інтэрнэт-супольнасці, у так званай групе смерці. Менавіта ад мадэратараў школьніцы і атрымалі заданне - пакончыць жыццё самазабойствам. Раней такія выпадкі былі зафіксаваныя ў Расіі і Казахстане. У "Галоўным эфіры" мы ўжо распавядалі пра такія смяротныя гульні, напрыклад, "Бяжы або памры". Яе сутнасць - перабегчы дарогу перад аўтамабілем, які рухаецца. Папярэджваючы, што такія недзіцячыя гульні могуць прывесці да самых страшных наступстваў, калі да смерці адзін крок, - рэпартаж Марыны Раманоўскай.

Кандыдат медыцынскіх навук Алена Мартынава па зразумелых прычынах у інтэрв'ю не называе ні імёнаў, ні прозвішчаў. Выпадак, які адбыўся ў Віцебску, рэзанансны. 17-гадовая школьніца спрабавала пакончыць жыццё самазабойствам. Такое заданне дзяўчына атрымала ў інтэрнэт-супольнасці "Сіні кіт". Спробу суіцыду ўдалося прадухіліць.

Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа. Дзяўчына прайшла лячэнне. Як высветлілася, яна не адзіная ў Беларусі з тых, хто адважыўся на зусім недзіцячую гульню. Спецыялістам удалося ўстанавіць яшчэ некалькі такіх выпадкаў, дзе падлеткам прапаноўвалі прайсці ракавы квэст.

Гульня, якая дзеліць жыццё на да і пасля, у першую чаргу разлічана на школьнікаў. Заданні для ўсіх розныя. І, як правіла, пачынаюцца з чагосьці простага. Напрыклад, трэба намаляваць кіта або матылька, потым нанесці сабе парэзы, напісаць перадсмяротную запіску. І толькі потым выканаць галоўнае заданне - зрабіць свой апошні крок.

Школьніца з Мінскага раёна таксама адважылася на сваю апошнюю гульню. Каб ступіць уніз, яна прыехала ў сталіцу. І толькі па шчаслівай выпадковасці апошняе заданне квэста дзяўчына не выканала - пабаялася вышыні. Спецыялісты сцвярджаюць: стваральнікі і мадэратары так званых груп смерці выкарыстоўваюць розныя прыёмы, каб уцягнуць падлеткаў у ракавую гульню. Як правіла, даходзіць да шантажу і пагроз.

Паводле слоў псіхолагаў, першае, што павінна насцярожыць дарослых, гэта змяненні ў паводзінах дзіцяці. Прыгнечаны стан, раздражняльнасць або імпульсіўныя паводзіны. Ігнараваць гэтыя прыметы нельга ні ў якім разе.

Вялікая колькасць такіх выпадкаў, калі ахвярамі смяротных квэстаў станавіліся дзеці, зарэгістравана ў Расіі і Казахстане. Як адзначаюць у Следчым камітэце Беларусі, размова аб усплёску падлеткавага суіцыду не ідзе. Па фактах схілення да самазабойства ўзбуджаны крымінальныя справы.