Мужчына, які застрэліў міліцыянера ў Івацэвіцкім раёне, затрыманы

17 августа 2018

Паводле паведамленняў Следчага камітэта і МУС Беларусі, чалавек, які адкрыў стральбу па міліцыянерах у вёсцы Бабровічы Івацэвіцкага раёна, абясшкоджаны і затрыманы. Надзвычайнае здарэнне адбылося сёння каля поўдня. Двое ўчастковых правяралі ў жыхароў вёскі правілы захоўвання зброі. Жыхар аднаго з дамоў, у якога, паводле інфармацыі праваахоўнікаў, магла быць незарэгістраваная паляўнічая стрэльба, раптам адкрыў агонь на паражэнне. У выніку стральбы загінуў 42-гадовы ўчастковы інспектар, 23-гадовы міліцыянер быў паранены, у цяжкім стане ён знаходзіцца ў Івацэвіцкай бальніцы. Сам жа зламыснік забарыкадаваўся, здавацца адмаўляўся і пагражаў страляць далей. Байцы спецпадраздзялення "Алмаз" абясшкодзілі і затрымалі стралка. Падрабязнасці - у нашых наступных выпусках.