Надзвычайнае здарэнне ў Рацічах сёння набыло крымінальную прычыну

12 февраля 2016

Надзвычайнае здарэнне ў Рацічах, пасля якога ўчора з атручэннем былі шпіталяваныя 42 дзіцяці, сёння набыло крымінальную прычыну. Следчы камітэт узбудзіў справу па факце халатнасці ў школе. Эксперты з некалькіх ведамстваў - МНС, пракуратуры, Следчага камітэта, МУС, санстанцыі, прыродаахоўнага камітэта - ужо суткі працуюць на месцы. Праводзяцца апытанні відавочцаў, бяруцца спробы вады і паветра. Прычына атручэння ўсё яшчэ не называецца. І ўсё ж добрая навіна ёсць: дзеці адчуваюць сябе добра, і, паводле распараджэння ўрачоў, сёння практычна ўсе яны былі выпісаныя. Больш падрабязнасцяў - у рэпартажы нашага карэспандэнта Дзмітрыя Смірнова.

Пасля нервовай і напружанай ночы сённяшняя раніца прынесла бацькам школьнікаў добрыя навіны. Урачам удалося купіраваць сімптомы, і пасля праведзеных дадатковых аналізаў было вырашана адпусціць дзяцей дамоў.

Станоўчы прагноз урачоў зняў з плечаў бацькоў вялізны груз. Таццяна ўспамінае, што спачатку са школы патэлефанавалі і сказалі, што сын знепрытомнеў. Практычна адразу дрэнна сябе адчула і дачка Дамініка.

Эксперты працавалі на месцы ўвесь учарашні дзень, ноч і працягваюць сёння. Змяняліся толькі назвы ведамстваў.

Дзеці адчулі сябе дрэнна тут - на другім паверсе ў фае падчас школьнай лінейкі. І тут жа спецыялісты розных ведамстваў пасля бралі ўзоры вады, паветра і іншых рэчываў.

Правяралі ўсё. Частку аналізаў ужо правялі - патагенаў і раздражняльнікаў у іх не выявілі. Пакуль афіцыйную прычыну спецыялісты не называюць - папярэдне, дзеці атруціліся невядомым рэчывам. Эксперты працягваюць працаваць на месцы здарэння ў Рацічах. Калі да панядзелка прычыну не ўстановяць, дзеці будуць вучыцца ў суседняй школе.