Больш як 10 кіруючых работнікаў сістэмы аховы здароўя і бізнесменаў затрыманыя за хабары

19 мая 2017

Больш як 10 кіруючых работнікаў сістэмы аховы здароўя і бізнесменаў затрыманыя за хабары. Інфармацыю пацвердзілі ў Камітэце дзяржбяспекі Беларусі. У афіцыйным паведамленні гаворыцца, што спачатку на хабары амаль у тры тысячы долараў трапіўся галоўны ўрач Пінскай цэнтральнай бальніцы. Пасля былі затрыманыя 10 кіруючых работнікаў сістэмы аховы здароўя Гомельскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцей, а таксама Мінска. Сума хабараў складала ад 400 да 5 тысяч долараў. Карупцыйныя пытанні датычыліся тэндарнага гандлю на пастаўкі медабсталявання і рэагентаў. І затрыманыя стваралі такія ўмовы, каб перамогу атрымліваў заўсёды "патрэбны пастаўшчык". Удачная здзелка каштавала 5% ад агульнай сумы. У КДБ падкрэслілі, што такая схема вяла да падаражэння абсталявання для бальніц і паліклінік на 30-70%, а фактычна - для бюджэту краіны, з якога і аплачваліся ўсе закупы.

Дзмітрый Пабяржын, афіцыйны прадстаўнік КДБ Беларусі: "У дачыненні вышэйпаказаных асоб узбуджаныя крымінальныя справы па арт. 430 "Атрыманне хабару" КК Рэспублікі Беларусь, прад'яўленыя абвінавачанні і ўжытая мера абмежавання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Апроч супрацоўнікаў сістэмы аховы здароўя, па арт. 431 "Дача хабару" КК Рэспублікі Беларусь затрыманыя і змешчаныя пад варту хабарадавальнікі з ліку функцыянераў камерцыйных структур, у т. л. кіраўнік "Белрэамед" Мікалай Аганесян".

КДБ заявіў яшчэ аб адным гучным скандале ў сферы аховы здароўя. Галоўны ўрач Рэспубліканскай клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі Віктар Масло абвінавачваецца ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры. Ён затрыманы. Паведамляецца, што кіраўнік знакамітай бальніцы ў Аксакаўшчыне прысвойваў прэміі сваіх падпарадкаваных. Пакуль сума шкоды - 21 тысяча рублёў. У далейшым гэтай справай зоймецца Следчы камітэт.