Аварыйныя брыгады вядуць аднаўленчыя работы ў населеных пунктах, пацярпелых ад разгулу стыхіі

13 июля 2016

Пасля Віцебшчыны шквалісты вецер з градам і ліўнямі прайшоўся па Мінскай вобласці. Найбольш пацярпеў Дзяржынскі раён. Зафіксаваны падтапленні і пашкоджанні дахаў дамоў, больш за сотню выпадкаў падзенняў дрэў, у тым ліку на чыгуначныя пуці і надземны газаправод. На якім этапе аднаўленчыя работы? У Дзяржынскі раён выехала Надзея Сербіненка.

Вечар дванаццатага ліпеня запомніцца Уладлену Яфіменку на ўсё жыццё. Бацька шматдзетнай сям'і да гэтага часу не можа паверыць сваім вачам: дом, які ўласнымі рукамі будаваў некалькі гадоў, зараз напалову разбураны. Ад даху амаль нічога не засталося, столь у жылым пакоі таксама абвалілася пад цагляным франтонам. Але гаспадар ставіцца да сітуацыі аптымістычна: дом застрахаваны, а ліквідаваць наступствы ўжо дапамагаюць мясцовыя ўлады.

Вуліца Навасёлаў у горадзе Дзяржынску пацярпела больш за астатнія. Адразу некалькі дамоў засталіся без даху, дрэвы ў садах нібы хтосьці выкарчаваў. Ад моцнага ліўню амаль усе сутарэнні падтапіла. Паводле слоў відавочцаў, стыхія - град і моцны вецер - наляцелі настолькі хутка, што ніхто не паспеў зрэагаваць. Зараз на дапамогу пацярпелым прыходзяць прафесійныя будаўнікі.

Дождж раптоўна ператварыўся ў сапраўдную буру. Віхор літаральна зразаў дрэвы, якія падалі на лініі электраперадачы, а град памерам з курынае яйка разбіваў вокны. Мясцовыя жыхары прызнаюцца: такога яны яшчэ не бачылі.

У першыя гадзіны стыхіі на дапамогу пацярпелым прыйшлі ратавальнікі. Найперш трэба было ўмацаваць дахі і абясточыць будынкі, каб пазбегнуць пажараў. Зараз аварыйныя работы працягваюцца. У Дзяржынскім раёне створаны штаб, які сочыць за сітуацыяй.

Сіноптыкі папярэджваюць, небяспечнае надвор'е пакуль застанецца. Ратавальнікі рэкамендуюць не пакідаць свае аўто побач з дрэвамі і не выходзіць з дому падчас моцнага ліўня.