100 кілаграмаў экстазі канфіскавалі брэсцкія мытнікі

11 мая 2019

Самая буйная партыя псіхатропаў за апошнія 25 гадоў. 100 кілаграмаў экстазі канфіскавалі брэсцкія мытнікі  ў пункце пропуску "Дамачава". Наркотык спрабавала ўвезці на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза жыхарка Расіі. Псіхатропныя рэчывы былі схаваныя ў аўтамабілі. 38-гадовая жанчына перасякала польска-беларускую мяжу на машыне Chrysler. Яна адправілася на чырвоны калідор. Задэклараваць планавала электрасамакат і кандыцыянер. Падчас агляду аўто мытнікі выявілі і схаваны груз. Спецыяльныя тайнікі былі абсталяваныя ў салоне і багажніку міні-вэна. 

Экспертыза паказала, што канфіскаваныя наркотыкі - гэта псіхатроп МDМА і гашыш. У дачыненні да госці з Расіі ўзбуджана крымінальная справа. Яна затрыманая і знаходзіцца ў следчым ізалятары.