У самым сэрцы Нью-Ёрка атака тэрарыста забрала жыцці 8 чалавек

1 ноября 2017

У самым сэрцы Нью-Ёрка адбыўся тэракт. Падзеі ў Ніжнім Манхэтэне прымусілі Вашынгтон зрабіць больш жорсткім пагранічны кантроль. Атака тэрарыста забрала жыцці васьмі чалавек. Выканаўца затрыманы, ён - у бальніцы. Паведамляецца аб яго прыхільнасці да ІДІЛ. Свае спачуванні штатам выказваюць лідары іншых дзяржаў.

МЗС нашай краіны рашуча асуджае здарэнне і выказвае "шчырыя спачуванні родным і блізкім загінуўшых". У Штатах славутасці афарбоўваюць у колеры амерыканскага флага.

Расказвае Вадзім Марцішэўскі.

Свята Хелаўін для Нью-Ёрка стала сапраўдным жахам. Атака адбылася за два крокі ад мемарыяла ахвярам тэрактаў 11-га верасня. Сцэнарый еўрапейскі: на паўднёвым захадзе Манхэтэна пікап нечакана ўварваўся на веласіпедную дарожку і душыў усіх на сваім шляху. Затым вадзіцель, выйшаўшы з аўтамабіля з пісталетам і вінтоўкай у руках, крычаў "Алах акбар!"

Паліцыя спыніла злачынцу, раніўшы яго ў жывот. Выканаўца тэракта - 29-гадовы Сайдула Саіпаў. Ён эміграваў з Узбекістана ў 2010 па грын-карце, пражываў у розных буйных гарадах Амерыкі, працаваў шафёрам. У машыне, якую Саіпаў арандаваў за гадзіну да трагедыі, знайшлі сумку, дзе былі паляўнічы нож і запіска на арабскай аб яго дачыненні да "Ісламскай дзяржавы".

Біл дэ Блазіа, мэр г. Нью-Ёрка: "Гэта быў акт тэрору і баязлівы акт тэрору, накіраваны супраць нявінных людзей, якія не падазравалі, што ім пагражае. Мы ведаем, што дадзеная акцыя была скіравана на тое, каб зламаць наш дух. Але мы таксама ведаем, што ньюёркцы - гэта стойкі і мужны народ. Наш дух ніколі не зламаць з дапамогай акта насілля і спроб запалохаць нас".

Зараз дэталёва вывучаецца асяроддзе Саіпава. Пакуль інфармацыі нямнога. У сацсетках тэрарыст не зарэгістраваны, а суседзі апісваюць яго як прыязнага і спакойнага чалавека.

Эксперты не першы раз паўтараюць, што ў руках тэрарыстаў новая прылада - аўтамабіль: Ніца, Лондан, Берлін, Барселона, Стакгольм і зараз Нью-Ёрк, для якога гэты тэракт стаў першым пасля трагедыі 11 верасня 2001. Тады самалёты ўрэзаліся ў вежы-блізняты Сусветнага гандлёвага цэнтра. Загінулі амаль 3 тысячы чалавек.

Дуглас Сміт, экс-памочнік міністра ўнутранай бяспекі ЗША: "Калі людзі адчуваюць сябе прыгнечанымі, яны здольныя да раптоўных атак. Гэта бяда ўсяго свету. Такія выклікі спрабуюць закрануць усё грамадства. Я мяркую, адзінае, што можна зрабіць - гэта прадоўжыць пошук спосабаў для таго, каб дастукацца да людзей".

Мясцовыя ўлады гэту атаку асудзілі. Вежа Свабоды, пабудаваная на месцы тэракта 16-гадовай даўнасці, сёння афарбавалася колерамі амерыканскага флага. Але хелаўінскія парады пасля трагедыі адмяняць не сталі.