У Кыргызстане высвятляюць акалічнасці крушэння грузавога "боінга"

16 января 2017

У Кыргызстане высвятляюць акалічнасці крушэння грузавога "боінга" адной з турэцкіх авіякампаній. Сёння раніцай ён упаў на жылыя дамы ў наваколлях Бішкека.

Грузавы самалёт ляцеў з Ганконга ў Стамбул і павінен быў  дазаправіцца ў кыргызскім аэрапорце  "Манас".  Але лайнер, які спрабаваў двойчы зайсці на пасадку, пашкодзіў стужку пасадачна-сігнальных агнёў на ўзлётнай паласе, зачапіў побач з ёй дрэвы, будынак аэранавігацыі і ўпаў на дачны пасёлак. Разбураныя больш як 30  дамоў. Паводле апошніх даных МНС, загінулі 13 дзяцей і 19 дарослых. 15  пацярпелых - палова з іх дзеці - з цяжкімі траўмамі шпіталізаваныя. Прычыны крушэння высвятляюцца - версій  некалькі. Гэта і тэхнічныя праблемы, і дрэнныя метэаўмовы, і памылка пілотаў.

Кубатбек Баронаў, міністр надзвычайных сітуацый Кыргызстана: "Пакуль прычына невядомая. Навігацыя перадае інфармацыю аб тым, што бачнасць была ў межах дапушчальнага - 325 метраў".

Паводле апошняй інфармацыі, адна з чорных скрынь ужо знойдзена. Пошукі яшчэ двух бартавых самапісцаў прадаўжаюцца. Генпракуратура Кыргызстана па факце крушэння самалёта  ўзбудзіла крымінальную  справу. У расследаванні павінен дапамагчы міжнародны авіяцыйны камітэт. 17 студзеня ў Кыргызстане абвешчана днём жалобы.  Прэзідэнт Беларусі  Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванне прэзідэнту Кыргызстана Алмазбеку Атамбаеву, родным і блізкім загінуўшых.