Паліцыя затрымала падазронага ў дачыненні да нападзення ў Турцыі

19 марта 2016

Чорны дзень сёння і ў Турцыі. У цэнтры Стамбула прагрымеў выбух. Яго ўчыніў тэрарыст-смяротнік. Гэта здарылася апоўдні па мінскім часе на адной з самых папулярных пешаходных вуліц сярод турыстаў - Істыкляль. Побач з месцам выбуху размешчаны гандлёвы цэнтр, паліцэйскі ўчастак і генконсульства Грэцыі.

У выніку загінулі як мінімум 5 чалавек, сярод іх і сам тэрарыст-смяротнік. 36 пацярпелі. Стан 7 з іх ацэньваецца як цяжкі. Сярод пацярпелых 12 іншаземцаў. Паводле звестак "РІА Навіны", гэта грамадзяне 6 дзяржаў: Ізраіля, Германіі, Ірландыі, Ісландыі, Ірана, Арабскіх Эміратаў. Як паведамілі ў МЗС нашай краіны, інфармацыя аб пацярпелых беларусах не паступала. Адказнасць за тэракт на сябе пакуль ніхто не ўзяў. І як стала вядома некалькі гадзін таму, турэцкая паліцыя затрымала падазронага ў дачыненні да нападзення. Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманы спрабаваў усталяваць яшчэ адно выбуховае прыстасаванне побач з гасцініцай у Стамбуле. Зараз ён знаходзіцца пад вартай і дае паказанні. Прэм'ер-міністр Турцыі праводзіць тэрміновую нараду. Нагадаем, за апошні тыдзень у краіне адбыліся два тэракты. Напярэдадні быў узарваны браніраваны аўтамабіль з паліцэйскімі, а ў мінулую нядзелю магутны выбух прагрымеў на прыпынку грамадскага транспарту ў Анкары. Загінулі 37 чалавек.