Палітычная нестабільнасць ва Украіне адбіваецца на дабрабыце простых украінцаў

3 апреля 2014

Так, нацыянальная валюта сёння ўсталявала чарговы гістарычны рэкорд: знізілася ў дачыненні да долара да 11 грыўняў 24 капеек. Адзначым, у пачатку года курс украінскай валюты знаходзіўся ля адзнакі 8 грыўняў за долар. Акрамя таго, паводле звестак Мінфіна краіны, з 1 мая насельніцтва чакае чарговае падаражэнне прыроднага газу, у сярэднім на 73%. У той жа час новае кіраўніцтва Украіны не збіраецца эканоміць на арміі. На 2014 год запланавана правядзенне васьмі сумесных ваенных вучэнняў з НАТА. Гэта, аднак, зусім не азначае хуткага ўступлення Кіева ў альянс. Пра тое, што ваенны блок НАТА нават не разглядае ўваходжанне Украіны, заявіў сёння Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Дарэчы, Паўночнаатлантычны альянс у сувязі з падзеямі ва Украіне працягвае нарошчваць сваю ваенную прысутнасць ва Усходняй Еўропе. Так, Вашынгтон ужо заявіў пра павелічэнне армейскай групоўкі крызіснага рэагавання ў Старым Свеце, а ў Чорнае мора накіраваны амерыканскі эсмінец Donald Cook, абсталяваны сістэмай супрацьракетнай абароны. Чакаецца, што ён прыме ўдзел у сумесных вучэннях з караблямі ВМФ краін - членаў НАТА. У Бруселі тым часам працягваюць думаць над тым, якія яшчэ санкцыі ўвесці супраць Масквы за далучэнне Крыма. Тут успомнілі ўжо прызабытую справу Магніцкага, і Еўрапарламент усё ж адобрыў спіс з 32 расіянаў, якім будзе забаронены ўезд у краіны ЕС, а таксама замарозку іх рахункаў у еўрапейскіх банках. Сёння ж міністэрства абароны Расіі зняло грыф сакрэтнасці і апублікавала на сваім сайце дакументы аб дзейнасці ўкраінскіх нацыяналістаў на захадзе Украіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У іх гаворыцца пра зараджэнне і развіццё нацыяналістычнага руху на Украіне, яго партнёрства з нацыстамі, а таксама рэпрэсіі бандэраўцаў супраць мірнага насельніцтва.