Народная партыя Іспаніі выйграла рэгіянальныя і муніцыпальныя выбары

25 мая 2015

Народная партыя Іспаніі атрымала перамогу ў большасці аўтаномных супольнасцяў і муніцыпалітэтаў краіны, дзе ў нядзелю праходзілі мясцовыя выбары. Праўда, страціла пры гэтым падтрымку вялізнага ліку выбаршчыкаў. Эксперты адзначаюць, што вынікі выбараў істотна падарвалі двухпартыйную сістэму, якая працавала ў краіне на працягу апошніх 35-ці гадоў. Увогуле дзве вядучыя палітычныя сілы краіны - Народная партыя і Іспанская сацыялістычная працоўная партыя - страцілі звыш трох мільёнаў галасоў. Трэцяй сілай стала цэнтрысцкая партыя - "Грамадзяне", якая сабрала больш за мільён выбаршчыкаў. Менавіта ад яе зараз шмат у чым будзе залежаць фарміраванне кааліцый у шматлікіх рэгіёнах. Яшчэ адна партыя "Падэмас", якая ўзнікла паўтара года назад на базе грамадскага руху - 15М, увайшла практычна ва ўсе парламенты аўтаномных супольнасцяў краіны. Але яе самай буйнай перамогай сталі вынікі выбараў у двух найбуйнейшых гарадах - Мадрыдзе і Барселоне.