Падатковы скандал у Францыі ўсё расце

4 апреля 2013

Міністр бюджэту краіны, які больш за ўсіх выступаў за поўную фінансавую празрыстасць, як высветлілася,  сам на працягу 20 гадоў хаваў свае прыбыткі. Зараз ужо былы міністр актыўней за іншых падтрымліваў і ўвядзенне 75-працэнтнага падатку для багатых. Першая адстаўка ва ўрадзе Аланда  - вялікі ўдар па рэпутацыі прэзідэнта і ўсяго ўрада.


Тэму працягне Юлія Табалевіч.


Новы скандал з міністрам - справа рук французскага выдання навін   Медыяпарт. Яно - як электрашокер для французскіх палітыкаў. То раскапаюць, што Сарказі браў у прыватнай асобы грошы на перадвыбарную кампанію. А зараз вось высветлілі, што міністр бюджэту Жэром Каюзак - галоўны барацьбіт з падатковымі ўхілістамі - сам хаваў грошы ў банку. І не ў роднай Францыі, дзе падаткі плаціць трэба, а ў Швейцарыі.


(Эдві Пленель, дырэктар інтэрнэт-выдання Медыяпарт:


Гэта сур'ёзны ўдар па каштоўнасцях Рэспублікі. У дэмакратычнай дзяржаве пасля падобнага выкрыцця ўлада неадкладна рэагуе, падлучае сістэму правасуддзя, а вінаватага чакае няўхільнае пакаранне.)

Толькі праз чатыры месяцы, калі справа выклікала шырокі рэзананс у французскім  грамадстве, Жэром Каюзак застаўся не толькі без крэсла і партбілета, але і сур'ёзных палітычных перспектыў. Затое перад ім адкрыліся іншыя гарызонты - судовыя.  У адпаведнасці з французскім заканадаўствам, яму пагражае штраф і да 5 гадоў турмы. Але галоўнае пытанне, якое сёння хвалюе французскія СМІ: ці ведаў пра гэта  Франсуа Аланд.


(Жан-Франсуа Капе, старшыня партыі Саюз за народны рух:


Атрымліваецца, што прэзідэнт альбо занадта наіўны, альбо ён хлусіць французскаму народу. І тое, і іншае дрэнна для Рэспублікі. Мы не можам сабе дазволіць мець наіўнага прэзідэнта, а тым больш ілгуна.)

Сам прэзідэнт, зразумела, упэўнівае, што нават не здагадваўся аб падатковых махінацыях свайго калегі. Таго ж боку прытрымліваюцца і калегі Каюзака.  Яны адмаўляюцца ад апальнага палітыка і ўпэўніваюць, што абураюцца яго паводзінамі не менш, чым грамадскасць.


( Жан-Марк Эйро, Прэм'ер-міністр Францыі)


Зараз ужо былы міністр  Жэром Каюзак сыграў немалаважную ролю ў выбарчай кампаніі Франсуа Аланда, адным з лозунгаў якой была Поўная празрыстасць перад выбаршчыкамі. Акрамя таго, менавіта Каюзак актыўней за ўсіх падтрымліваў прапанову Аланда ўвесці 75-працэнтны падатак для мільянераў. Каб пад шквалам такой крытыкі не выглядаць зусім ужо бездапаможным,  Франсуа Аланд анансуе шэраг жорсткіх мер па барацьбе з карупцыяй. Рэформа, якую прапаноўвае прэзідэнт, павінна надзяліць судовую ўладу амаль неабмежаванымі паўнамоцтвамі ў барацьбе з бруднымі чыноўнікамі. Акрамя таго, дэкларацыі аб прыбытках пачнуць правяраць больш дбайна. А ўсякі, каго зловяць на крадзяжы і ўхіленні ад падаткаў, ніколі больш не зможа займаць крэсла ў дзяржаўнай установе.