На парламенцкіх выбарах у Польшчы пераканаўчую перамогу атрымліваюць кансерватары

26 октября 2015

На парламенцкіх выбарах у Польшчы пераканаўчую перамогу атрымліваюць кансерватары - партыя экс-прэм'ера Яраслава Качыньскага "Права і справядлівасць" набірае, паводле папярэдніх вынікаў, парадку 39% галасоў. Ад імя "Грамадзянскай платформы", якая кіравала апошнія 8 гадоў, прэм'ер-міністр Эва Копач ужо павіншавала канкурэнтаў з перамогай. Таксама ў парламент увойдуць яшчэ тры партыі - "Кукіз-15", "Навачэсна" і Польская сялянская партыя. Яўка склала 51%. Афіцыйныя вынікі выбараў будуць апублікаваныя 27 кастрычніка. Што паўплывала на змену настрояў у польскім грамадстве - аналізуе Вольга Давідовіч.

"Права і справядлівасць" Яраслава Качыньскага выйграе парламенцкія выбары ў Польшчы - партыя атрымала падтрымку 39% выбаршчыкаў у процівагу 23% у кіруючай апошнія восем гадоў "Грамадзянскай платформы". А гэта значыць, "Права і справядлівасць" зараз мае ўсю поўнасць улады - свайго прэзідэнта, прэм'ера і большасць у сейме.

Яраслаў Качыньскі, лідар партыі "Права і справядлівасць": "Мы маем намер сфарміраваць вялікую кааліцыю ў парламенце. Мы працягваем руку сяброўства ўсім, хто выступае за перамены да лепшага, хто жадае змяніць Польшчу. Чым больш нас будзе - тым лепш для краіны".

Качыньскі ужо заявіў, што не будзе прэтэндаваць на пасаду кіраўніка ўрада. На яе партыя вылучае Беату Шыдла, у якой ёсць шанец стаць трэцяй жанчынай-прэм'ерам у гісторыі краіны. Адыходзячы прэм'ер Эва Копач ужо павіншавала апанентаў з перамогай і падвяла вынік свайго кіравання.

Нягледзячы на тое, што за час кіравання лібералаў эканамічны рост Польшчы дасягнуў амаль 50%, вынік галасавання вельмі прадказальны. На рэйтынгах "Грамадзянскай платформы" негатыўна адбіўся леташні скандал з праслухоўваннем, у якое былі залучаныя некаторыя міністры. А з мая, калі на прэзідэнцкіх выбарах перамогу атрымаў кандыдат ад "Права і справядлівасці" Анджэй Дуда, партыя ўлады стала імкліва страчваць папулярнасць. Палякі відавочна стаміліся ад "Грамадзянскай платформы" - кансерватары абвінавачвалі іх у тым, што яны ператварылі Польшчу ў марыянетку Германіі ў ЕС. А кульмінацыяй сталі апошнія рашэнні Бруселя, паводле якіх Польшча абавязаная прыняць 7 тысяч мігрантаў.

У знешняй палітыцы "Права і справядлівасць" мае намер праводзіць жорсткую лінію. Прыхільнікі Качыньскага выступаюць супраць скарэйшага ўступлення ў еўразону і катэгарычна не згодныя з планамі Еўрасаюза па размеркаванні квот на бежанцаў з краін Афрыкі і Блізкага Усходу. Паводле іх слоў, прыток мігрантаў будзе пагражаць традыцыйным каштоўнасцям Польшчы і яе хрысціянскаму ўкладу. Што датычыцца ўнутранай палітыкі - кансерватары абяцаюць больш выдаткаў пусціць на сацыяльныя патрэбы, павысіць суму даходаў, свабодную ад падаткаабкладання і скараціць падаткі.

Усяго ў польскі парламент прайшлі пяць партый. Характэрна, што ўсе яны належаць праваму крылу. Такім чынам, у новым сейме ўпершыню ў гісторыі сучаснай Польшчы не будзе левых сіл.