Галоўнай сусветнай навіной стаў выхад ЗША з Парыжскага пагаднення па клімаце

2 июня 2017

Пра гэта афіцыйна аб’явіў Дональд Трамп. Дэ факта - прэзідэнт ЗША выканаў адно са сваіх перадвыбарных абяцанняў. Рашэнне не падтрымліваць дзеянні па барацьбе з глабальным пацяпленнем стала перамогай прыхільнікаў жорсткай лініі амерыканскага прэзідэнта і паражэннем прадстаўнікоў умеранага лагера, у які ўваходзіць яго дачка Іванка і дзяржсакратар Рэкс Тылерсан. Адразу пасля заявы Трампа лідары ЕС, ААН, Папа Рымскі заклікалі яго яшчэ раз падумаць. Але амерыканскі лідар застаецца пры сваіх перакананнях і інтарэсах.

Нягледзячы на намаганні лідараў "Вялікай шасцёркі", Дональд Трамп аб’явіў аб выхадзе з Парыжскай канвенцыі па клімаце, якая дэкларуе канкрэтныя крокі па барацьбе з глабальным пацяпленнем. Амерыканскі прэзідэнт упэўнены, што пагадненне шкодзіць эканамічным інтарэсам яго краіны, і рыхтуе новыя перамовы, каб зрабіць дакумент "справядлівым" для амерыканцаў.

Дональд Трамп, Прэзідэнт ЗША: "Парыжскае пагадненне - гэта апошні прыклад таго, як у Вашынгтоне прымаюць рашэнне, якое наносіць шкоду Амерыцы дзеля інтарэсаў іншых краін. Для амерыканскіх рабочых, якіх я люблю, гэта пагражала стратай працы, скарачэннем зарплат і закрыццём фабрык, а ў цэлым гэта магло прывесці да заняпаду эканомікі. Так што ЗША з гэтага дня спыняе выкананне ўмоў дагавора і такім чынам скідвае цяжар драконаўскіх фінансавых і эканамічных абмежаванняў".

Вялікай нечаканасцю заява кіраўніка Белага дому не стала - пра намер выйсці з пагаднення па клімаце Трамп гаварыў яшчэ падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі. Ён упэўнены, што змяненне клімату - гэта надуманая тэорыя, і прамысловасць ніяк не ўплывае на дадзены працэс.

Наталі Гансалес, жыхарка г. Лос-Анджэлеса: "Гэта проста зверства, гэта абсалютная крайнасць. Мы амерыканцы, мы частка гэтай планеты. І ўсё, што мы робім тут, уплывае на ўвесь свет. Мы галоўныя забруджвальнікі нашай атмасферы і нясём адказнасць перад усімі. Гэтае рашэнне не стала сюрпрызам, але я вельмі расчараваная".

Упершыню ў гісторыі рашэнне Вашынгтона не падтрымаў ні адзін з яго саюзнікаў. Толькі за некалькі гадзін з моманту выступлення Трампа свае меркаванні выказалі дзясяткі замежных палітыкаў. Ні словы апраўдання.

Эмануэль Макрон, Прэзідэнт Францыі: "Я шкадую аб тым, што ЗША вырашылі выйсці з Парыжскага пагаднення. Я лічу, што прэзідэнт Трамп робіць памылку ў дачыненні не толькі да будучыні сваёй краіны і свайго народа, але і будучыні ўсёй планеты. Амерыканскім навукоўцам, інжынерам, прадпрымальнікам, грамадзянам, якія расчараваныя рашэннем прэзідэнта ЗША, я хачу сказаць, прыязджайце ў Францыю і працуйце тут, з намі".

Анёла Меркель, Канцлер ФРГ: "Зараз Германія засяродзіць усе свае намаганні, намаганні Еўрасаюза і ўсяго свету з большай цвёрдасцю, чым калі-небудзь, на пераадоленне змяненняў клімату. Нам трэба Парыжскае пагадненне, каб выратаваць свет. І нішто нас не спыніць".

Жан-Клод Юнкер, Кіраўнік Еўракамісіі: "Бізнесмены, інвестары, даследчыкі і ў Еўропе, і ў Кітаі, ва ўсім свеце ўпэўнена імкнуцца да развіцця нізкавугляроднай эканомікі. Мы не адступім ад Парыжскага пагаднення".

Расчараванне выказалі кіраўнікі Вялікабрытаніі, Італіі, Фінляндыі. "Гістарычнай памылкай" назвала ход Трампа яго нядаўняя саперніца на выбарах Хілары Клінтан, "Злачынствам супраць чалавецтва" лічыць рашэнне Вашынгтона рэжысёр Майкл Мур. Не згодныя з Трампам нават дачка Іванка і яе муж Джарэд Кушнер, які займае пасаду саветніка прэзідэнта ЗША. А таксама дзяржсакратар Рэкс Тылерсан, які доўгі час узначальваў адну з найбуйнейшых энергетычных карпарацый Exxon Mobil.

Больш за тое, Трамп пазбавіўся падтрымкі буйных бізнесменаў - кансультацыйны савет пры Белым доме пакінуў кіраўнік кампаній Tesla і Space X Ілан Маск. Са складу прэзідэнцкага форуму стратэгіі і палітыкі выйшаў генеральны дырэктар кангламерата Walt Disney Company Роберт Айгер. Словам, скандал амерыканскаму лідару ўдаўся, але што будзе заўтра?

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый нагадвае: ЗША па-ранейшаму лідзіруюць у тым, што тычыцца экалагічных парушэнняў. Нездарма прэзідэнт Францыі, гаворачы аб глабальнай важнасці Парыжскага пагаднення, эфектна і актуальна перафразаваў перадвыбарны лозунг Трампа "Зробім нашу планету зноў вялікай".