Экстраннае пасяджэнне Савета Бяспекі ААН завяршылася скандалам

26 сентября 2016

Экстраннае пасяджэнне Савета Бяспекі ААН па сітуацыі ў Сірыі завяршылася скандалам. Прадстаўнікі краін, якія самі ж настойвалі на перамовах (а гэта ЗША, Брытанія і Францыя), заявы афіцыйнага Дамаска праігнаравалі - падчас выступлення сірыйскага дыпламата яны дэманстрацыйна пакінулі залу. Амерыканскі пастаянны прадстаўнік Саманта Паўэр і зусім абвінаваціла Расію і Сірыю ў эскалацыі канфлікту. На такі выбрык ужо адрэагаваў кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў. Паводле яго слоў, Захад на чале са Злучанымі Штатамі не спраўляецца са сваімі абавязацельствамі па Сірыі, у сувязі з чым Масква не можа на ўсе 100 працэнтаў верыць ні Беламу дому, ні кааліцыі, якую ўзначальвае Вашынгтон. Пастаянны прадстаўнік Расіі пры ААН Віталь Чуркін заявіў, што вяртанне краіны да міру стала амаль немагчымай задачай.

Расказвае Вольга Давідовіч.

Такога дыпламатычнага шоу ў сценах ААН даўно не назіралася. Вашынгтон, Лондан і Парыж настаялі на правядзенні экстраннага пасяджэння Савета Бяспекі і запатрабавалі тлумачэнняў. Нагодай стала ваенная аперацыя сірыйскай арміі супраць баевікоў ва ўсходнім Алепа. Але як толькі мікрафон атрымаў Башар Джаафары (пастаянны прадстаўнік Сірыі ў Савеце Бяспекі), амерыканская, брытанская і французская дэлегацыі пакінулі залу пасяджэнняў. Паводзіны сваіх калег Джаафары назваў тэатрам абсурду. А тое, што адбывалася, - годным пяра Кафкі.

Башар Джаафары, пастаянны прадстаўнік Сірыі пры ААН:

"Сірыйскі ўрад гатовы вярнуцца ў Жэневу і аднавіць дыялог, але не з глухімі, нямымі або сляпымі. Любое палітычнае рашэнне можа быць паспяховым, толькі калі будуць сфарміраваныя неабходныя ўмовы пасродкам актывізацыі намаганняў па барацьбе з тэрарызмам. Рэальная вайна з тэрарызмам яшчэ не пачалася".

Пры гэтым адказнасць за абвастрэнне канфлікту на ўсходзе Алепа заходнія краіны паспрабавалі ўскласці на Расію.

Саманта Паўэр, пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН:

"Расія займае пастаяннае месца ў Савеце Бяспекі ААН. Гэта прывілея і гэта адказнасць. Аднак у Сірыі, у Алепа Расія злоўжывае гэтай гістарычнай прывілеяй".

Масква, у сваю чаргу, лічыць такія заявы тактычнымі хітрыкамі. У тым ліку, каб адцягнуць увагу ад бамбардзіроўкі пад Дэйр-эз-Зорам, дзе ў выніку авіяўдару сіл кааліцыі 17 верасня загінулі каля 80 сірыйскіх вайскоўцаў. У ЗША тое, што адбылося, назвалі прыкрай памылкай. А баевікі, скарыстаўшыся сітуацыяй, перайшлі ў наступ. Як толькі Расія выказала пратэст, яе саму абвінавацілі ў нанясенні ўдару - па гуманітарным канвоі пад Алепа 19 верасня.

Масква больш не будзе рабіць крокі да міру ў аднабаковым парадку. Гэта пазіцыя Расіі. І звязаная яна з тым, што мірныя ініцыятывы баевікі ў выніку выкарысталі для перагрупоўкі і атрымання падмацавання. Надзея на спыненне баявых дзеянняў, што з'явілася пасля расійска-амерыканскага жэнеўскага пагаднення, знікае прама на вачах.

Стафан дэ Містура, спецпасланнік ААН па Сірыі:

"Расійская Федэрацыя і ЗША даcягнулі вельмі многага ў плане дамоўленасцяў. Я ведаю, таму што я там прысутнічаў, як абмяркоўвалася кожная дэталь. Хачу верыць, што яны ўсё яшчэ могуць выправіць сітуацыю. Альтэрнатыва - вяртанне да поўнамаштабнай вайны".

Пакуль дыпламаты ў Савеце Бяспекі спрабуюць разабрацца, хто ў чым вінаваты, і дамовіцца, на якіх умовах магчымае новае перамір'е (калі яно наогул магчымае), у самой Сірыі гінуць людзі. За час амаль шасцігадовага сірыйскага канфлікту мінулы тыдзень стаў адным з самых крывавых. Колькасць ахвяр сярод мірных жыхароў у выніку бамбардзіровак узрасла да 444 чалавек. Параненых некалькі соцень.