Егіпет ахоплены беспарадкамі, якія ўжо дакаціліся да курортных зон

15 августа 2013

У Хургадзе 1 чалавек загінуў, 14 параненыя. Ахвярамі сутыкненняў па ўсёй краіне сталі больш за 300 чалавек. Колькасць параненых перавышае 2 тысячы. Пасля ўчарашніх беспарадкаў у Каіры па ўсёй краіне ўведзены рэжым надзвычайнага становішча, у шэрагу правінцый дзейнічае каменданцкая гадзіна. За сітуацыяй уважліва сочыць МЗС Беларусі.


Расказвае Вольга Давідовіч: Часовае зацішша, так можна апісаць тое, што зараз адбываецца ў Егіпце. Бакі падлічваюць страты і рыхтуюцца да працягу сутыкнення. Учарашні дзень стаў адным з самых крывавых для краіны. Раніцай пачаўся штурм барыкад, пабудаваных прыхільнікамі звергнутага прэзідэнта Мухамеда Мурсі на дзвюх каірскіх плошчах. Палатачныя лагеры зносілі пры дапамозе бульдозераў. Зусім хутка паліцэйская аперацыя перарасла ў сапраўдныя вулічныя баі. Ісламісты закідвалі паліцыю камянямі, тая адказвала слёзатачывым газам. Падчас сутыкненняў па ўсёй краіне загінулі амаль 300 чалавек, каля 2 тысяч атрымалі раненні. Браты-мусульмане сцвярджаюць, што ахвяраў было ў дзесяць разоў больш. Улады гавораць, што сярод загінуўшых шмат паліцэйскіх.


Сярод забітых аказаўся аператар брытанскага тэлеканала Скай ньюс Мік Дзін, а ноччу сайты буйных арабскіх газет апублікавалі некралогі на яшчэ дваіх журналістаў. Усе каірскія бальніцы перапоўненыя параненымі. Урачы гавораць, што пры разгоне дэманстрацый паліцыя прымяніла радыкальныя меры.


Улады ўвялі каменданцкую гадзіну на месяц у 14 правінцыях. Ачагі супраціўлення прыхільнікаў Мурсі армія падавіла толькі да раніцы. Тым не менш у Каіры цэлыя кварталы былі ахопленыя агнём. Ісламісты ўжо заявілі, што з вуліц не сыдуць і будуць стаяць да канца.


Улады Егіпта таксама заяўляюць, што маюць намер праявіць жорсткасць у супрацьстаянні.


Міжнародная супольнасць ужо выступіла адзіным фронтам у асуджэнні таго, што адбываецца ў Егіпце, і з заклікам да мірных перамоў.


Але ў тое, што бакі сядуць за стол перамоў, ужо не верыць ніхто. Напярэдадні ўрад Егіпта пакінуў адзін з апошніх прыхільнікаў мірнага вырашэння канфлікту - віцэ-прэзідэнт і нобелеўскі лаўрэат Махамед аль-Барадэі. Зараз стрымліваць хвалю насілля, падобна, няма каму.