Залатым для беларускай зборнай выдаўся пяты дзень II Еўрапейскіх гульняў

26 июня 2019

Тры медалі і ўсе вышэйшай пробы! Залатым для беларускай зборнай выдаўся пяты дзень II Еўрапейскіх гульняў. Дзве ўзнагароды заваяваныя ў скачках на батуце. У сінхронных спаборніцтвах у жанчын роўных не было дуэту гаспадынь: Марыі Махарынскай і Ганне Ганчаровай. З перамогай нашых дзяўчат павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. "Ваша выступленне зачароўвала грацыяй і зладжанасцю. Чыста, акуратна і добра выкананыя элементы - вынік напружанай працы пад кіраўніцтвам вопытных і таленавітых трэнераў", - гаворыцца ў віншаванні. Для Ганчаровай гэты медаль стаў другім на дамашніх Гульнях. У панядзелак спартсменка ўзяла бронзу ў індывідуальных спаборніцтвах. А Марыя Махарынская адразу пасля цырымоніі ўзнагароджання стала госцем нашай студыі на "Мінск-Арэне". Яна прызналася: у поспеху выступлення ёсць і заслуга балельшчыкаў.

А алімпійскі чэмпіён Рыа-дэ-Жанэйра Уладзіслаў Ганчароў набраў лепшую суму ў індывідуальных спаборніцтвах у мужчын.

Трэцюю залатую ўзнагароду камандзе, нагадаем, прынёс Васіль Кірыенка ў шасейнай велагонцы з паасобным стартам. З медалём спартсмена павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. "Ты праявіў выдатныя маральна-валявыя якасці, тактычна разумна правёў гонку і забяспечыў сабе камфортную перавагу над сапернікамі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Гэта каронная дысцыпліна атлета. 28,6 кіламетра ён пераадолеў за 33 хвіліны і 3 секунды, на 28 секунд апярэдзіўшы найбліжэйшага праследавацеля - партугальца Нельсана Алівейру.