Залаты двухразова! Васіль Кірыенка выйграў гонку з паасобным стартам у Мінску

25 июня 2019
Васіль Кірыенка абараніў сваё званне пераможца I Еўрапейскіх гульняў, выйграўшы гонку з паасобным стартам і ў Мінску. Беларус чарговы раз даказаў, што ў гэтым відзе праграмы ён адзін з лепшых у свеце. І гэта ў свае амаль 38 гадоў. Пра спартыўнае даўгалецце беларускі чэмпіён сёння яшчэ раскажа тут, у нашай студыі на "Дынама". А зараз  Аляксандр Ярмаш пра заключны дзень спаборніцтваў велагоншчыкаў па сталічных вуліцах.

Аўторак мог стаць яшчэ больш радасным для беларускага веласпорту, калі б па дыстанцыі крыху хутчэйшай была  Алена Амялюсік. Наша дзяўчына паказала  пяты час. На 28 кіламетрах яна прайграла бронзавай прызёрцы менш за 2 секунды. 

Кірыенка адправіўся на дыстанцыю ў першай групе. У гонках з паасобным стартам  больш зручна быць у апошняй, каб ведаць вынікі апанентаў. Але гэта не перашкодзіла ўпэўнена выйграць. Адразу пасля фінішу, калі пра золата  гаварыць было рана, Васіль удзяліў час балельшчыкам і растлумачыў тонкасці паказу веласпорту.

А першымі, хто павіншаваў Кірыенку з чэмпіёнствам, былі дзеці. Але,  здаецца, ён добры і ўважлівы да ўсіх аднолькава.

На гэтым праграма веласпорту на шашы скончана. Акрамя золата Кірыенкі ў Беларусі бронза ў жаночай групавой гонцы Таццяны Шараковай. Усяго ж былі разыграны 4 камплекты ўзнагарод.

Наперадзе ж трэкавыя спаборніцтвы. Цэнтр веласіпеднай цікавасці перамяшчаецца на "Мінск-Арэну". Там будуць разыгрываць медалі з чацвярга па нядзелю. І  ў гэтым відзе  ў нас ёсць свае зоркі.