Жаночая зборная па мастацкай гімнастыцы вярнулася з чэмпіянату свету

3 ноября 2021
Пасля трыумфальнага выступлення на чэмпіянаце свету жаночая зборная Беларусі па мастацкай гімнастыцы вярнулася на радзіму. Нашых грацый сёння ўрачыста сустракалі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. 7 узнагарод і высокае трэцяе месца ў медальным заліку. 20-гадовая Аліна Гарнасько, нагадаем, у японскім Китакюсю стала чэмпіёнкай свету ў практыкаванні са стужкай, а таксама ўзяла серабро ў спаборніцтвах з абручом і бронзу па выніках выступлення з мячом, таксама стала другой у самай прэстыжнай дысцыпліне - алімпійскай - мнагаборстве, палепшыўшы свой паказчык Алімпійскіх гульняў, дзе, нагадаем, была на трэцяй прыступцы п'едэстала. А незадоўга да ад'езду на планетарны форум лідар нашай зборнай перахварэла на каранавірус і да апошняга не ведала, ці зможа адправіцца на буйны старт. 

З чатырма медалямі з Японіі вярнулася Аліна Гарнасько. Таксама ў індывідуальным выступленні ў практыкаванні з булавамі бронзу прымерыла 19-гадовая Анастасія Салас. Трэцімі беларускі сталі ў камандным мнагаборстве і групавых практыкаваннях.