Юбілейны і самы шматлікі. Калядны турнір аматараў хакея стартуе ў Беларусі

3 января 2019

15-ы, юбілейны і самы шматлікі. У Мінску сёння чатырма паядынкамі стартуе Калядны турнір сярод аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі.

Амаль усе каманды ўжо прыбылі ў нашу сталіцу. Некаторыя нават паспелі выпрабаваць лёд "Чыжоўка-Арэны" на дзвюх лядовых пляцоўках, на якіх і пройдуць усе матчы. Калядны турнір даўно атрымаў статус неафіцыйнага чэмпіянату свету. І склад, і колькасць удзельнікаў сёлета падказвае, што інтрыга захаваецца аж да фінальнай стадыі.

Першымі на лёд выйдуць швейцарцы і славакі, а таксама каманда ААЭ і зборная Балканаў. Пасля цырымоніі адкрыцця фіны праэкзаменуюць немцаў. У 7 вечара гаспадары сустрэнуцца з камандай Міжнароднай федэрацыі хакея. Трансляцыя гэтага паядынку і ўрачыстай часткі пачнецца на "Беларусь 5" у 19:50.

Паралельна матчам Каляднага турніру сёння стартуе і фінальны этап дзіцячых аматарскіх спаборніцтваў "Залатая шайба". На сёння запланаваныя 4 паядынкі, два з якіх прыме малая арэна ў Чыжоўцы. У 10:30 пачнецца сустрэча каманд з Салігорска і Гродна, а ў 15:30 тут жа згуляюць хлопцы з Цэнтральнага раёна Мінска і горада Жлобіна. Яшчэ два паядынкі пройдуць у Палацы спорту. Горкі сустрэнуцца з хакеістамі Партызанскага раёна сталіцы, а Віцебск памераецца сіламі з Кобрынам.