Яркае і незабыўнае шоу. Сёння адбудзецца ўрачыстае закрыццё II Еўрапейскіх гульняў

30 июня 2019

Цырымонія закрыцця II Еўрапейскіх гульняў будзе не менш маляўнічай і інтэрактыўнай, як і цырымонія адкрыцця, абяцаюць арганізатары. Выкарыстаюць таксама тэхналогію дапоўненай рэальнасці. Усе тонкасці, вядома, не раскрываюць нават журналістам.

Але эмоцыі і атмасферу апошняй падрыхтоўкі прама зараз гатовая распавесці Юлія Токар.

Наш Мінск, які ўжо ўвайшоў у гісторыю і запомніцца не толькі як сталіца II Еўрапейскіх гульняў, цэнтр прыцягнення шчырых эмоцый. Сёння, як мне здаецца, ён знаходзіцца ў асаблівым настроі. Бо гэтыя дзесяць дзён мы разам хварэлі за нашых спартсменаў, радаваліся іх трыумфам і сардэчна прымалі гасцей. Таму ўжо зараз адчуваецца лёгкая настальгія.

Беларуская сталіца гэтымі днямі, здаецца, перасягнула сябе. А ўсё таму, што горад асвятляе агонь яркіх перамог. "Полымя міру" будзе ззяць на стадыёне да заканчэння цырымоніі закрыцця. Можна на свае вочы ўбачыць гэтае дзейства, купіўшы білет у касах. Гэта яшчэ можна паспець зрабіць.

А прыязджаць на стадыён "Дынама" лепш загадзя, бо рух і стаянка транспарту ля арэны будуць забаронены. Перакрыюць маршруты ад Ульянаўскай да праспекта Незалежнасці і ад Свярдлова да Леніна. А вось працу метро гэтай ноччу прадоўжаць да 4 раніцы.

Зараз мы чакаем пачатку рэпетыцыі. Рэжысёры ўнясуць апошнія карэкціроўкі ў шоу. Па відовішчнасці і эмоцыях яно не саступіць цырымоніі адкрыцця. Таксама будзе выкарыстана тэхналогія дапоўненай рэальнасці, арганізатары падрыхтавалі відэаролікі аб яркіх момантах вялікага спорту. Усе сакрэты не раскрываюць і журналістам. Эфект нечаканасці заўсёды дорыць незабыўныя эмоцыі. Але ў нашым наступным уключэнні ў 12 гадзін пастараемся даведацца пра дэталі. Скажу дакладна, што на стадыёне "Дынама" сёння будзе шумна, спартыўнага драйву дададуць IOWA, "J:Морс", "Лепрыконсы".