XXXI летнія Алімпійскія гульні адкрытыя

6 августа 2016

Старт дадзены. XXXI летнія Алімпійскія гульні адкрытыя. 80 тысяч гледачоў на стадыёне "Маракана" ў Рыа і амаль мільярд чалавек па ўсім свеце назіралі за трохгадзінным шоу. Як усе прызнаюцца, цяперашняя цырымонія не ўразіла размахам дзейства, затое арганізатары праявілі густ і стыль, звярнуўшы ўвагу на неабходнасць вырашэння экалагічных праблем. На першую ў Паўднёвай Амерыцы Алімпіяду прыехалі 207 дэлегацый. Тут будзе разыграна рэкордная колькасць камплектаў медалёў - 306. Белтэлерадыёкампанія вяла прамую трансляцыю цырымоніі. Там працуе вялікая група медыяхолдынга.

З алімпійскага Рыа Іван Міхайлаў.

"Не чакайце ад нас афінскіх спецэфектаў, пекінскай грандыёзнасці і лонданскага размаху. Наша цырымонія будзе сціплай", - гэтыя словы Марка Біліча, прадзюсара цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Рыа, сталі квінтэсенцыяй усяго, што адбывалася вакол Гульняў у Бразіліі. Арганізатары, не саромеючыся, прызналіся: мы адмовіліся ад пышнага шоу, таму што грошай няма.

Гэта багаты і чапурысты Лондан 4 гады таму змог дазволіць сабе растацца з 42-ма мільёнамі долараў дзеля няхай і такога важнага, прэстыжнага, але ўсё-такі ўсяго толькі трохгадзіннага шоу. Бразілія не Брытанія і па частцы амбіцый, і па частцы фінансавых магчымасцяў. Тут і так хапае праектаў, на якія траціць і траціць. Якая ўжо цырымонія - на яе наскрэблі ўдвая менш, чым атрымалася ў англічан. Адсюль практычна поўная адсутнасць якіх-небудзь сусветных, а значыць дарагіх зорак на адкрыцці - толькі сваімі сіламі, толькі бразільцы.

Зрэшты, рэжысёр-пастаноўшчык Фернанду Мейрылес, некалі оскараўскі намінант, пастараўся выціснуць з бюджэту максімум магчымага, але фурору відавочна не здарылася. Хаця можна падзякаваць пастаноўшчыкам, заціснутым у рамкі, 300 танцорам і 5 тысячам валанцёраў, якія зрабілі шоу на знакамітай "Маракане". Гэта калісьці яна ўмяшчала 200 тысяч гледачоў. Сёння 79 тысяч глядзелі шоу з трыбун, але фантастычны амаль мільярд - ля тэлевізараў. У выніку ў тры гадзіны ўмясцілася і гісторыя Бразіліі, і яе сучаснасць.

А пачалося ўсё з адкрыцця Бразіліі. XVI стагоддзе. Прыбыццё еўрапейцаў, каланізацыя, зліццё культур. А далей станаўленне і развіццё аж да нашых дзён. Месца знайшлося нават паркуршчыкам, якія скачуць па 3D-праекцыі ў выглядзе бразільскіх дахаў. Падобна на сочынскую фішку двухгадовай даўнасці, але ўсё роўна атрымалася добра.

Амаль скрозь усю цырымонію праходзіла тэма экалогіі з яе праблемамі - напрыклад, глабальным пацяпленнем і намаганнямі бразільцаў у справе захавання прыроды. Іх гонар - вялізныя насаджэнні дрэў па ўсёй краіне, якіх пасля Алімпіяды стане яшчэ больш - прадстаўнік ад кожнай каманды, што ўдзельнічае ў Гульнях, неўзабаве высадзіць у мясцовым парку Дэадора па дрэве. Вось такі ўклад у справу захавання прыроды. А пакуль на цырымоніі адкрыцця знакамітыя кубертэнаўскія кольцы рэжысёр-пастаноўшчык расфарбоўвае ў зялёны колер.

Далей клятва ад спартсменаў, суддзяў і трэнераў, прамова Баха і алімпійскі гімн у выкананні 40 юных бразільцаў. А яшчэ знакамітая самба (куды ж без яе!) з сапраўдным карнавалам ад самых вядомых самба-школ. Бадай, адзін з самых яркіх эпізодаў цырымоніі.

А гэта яшчэ адна легендарная бразільская гісторыя. У 60-х гадах мінулага стагоддзя ў адным з элітных раёнаў Рыа жыла юная Эла Пінейру, якая хадзіла на пляж Іпанема міма кафэ "Велозу", дзе ёю любаваліся пастаянныя наведвальнікі, у тым ліку кампазітар Жабіма і паэт Мараіш. Яны і напісалі сусветны хіт "Дзяўчына з Іпанемы". На цырымоніі адкрыцця ў вобразе гэтай самай дзяўчыны Жызель Бюндхен - вядомая бразільская супермадэль. Прагулка ўздоўж трыбун пад акампанемент унука кампазітара ўзарвала залу. Дарэчы, гэта яе апошняе афіцыйнае дэфіле - годнае завяршэнне кар'еры.

Адзін з самых яркіх, хаця і крыху зацягнутых эпізодаў цырымоніі - парад спартсменаў. На гэты раз каманды выходзілі ў адпаведнасці з партугальскім алфавітам, а значыць Беларусь пад нумарам 22. Сцяганосец - веласіпедыст, чэмпіён свету Васіль Кірыенка. У Рыа, дарэчы, выступяць 124 нашы спартсмены ў 24 відах спорту.

Дарэчы, з-за гэтага самага партугальскага алфавіту тут разгарэліся спрэчкі. USA, г. зн. зборная ЗША, прывыкла згодна з англійскім алфавітам выходзіць бліжэй да канца парада, у прайм-тайм, а тут прыйшлося ў самым пачатку. Estados Unidos da América - так гучыць ЗША на мясцовай мове. Гучней за ўсіх віталі каманды, якіх у ідэале не павінна быць зусім - незалежных спартсменаў і зборную бежанцаў.

Галоўная інтрыга цырымоніі: хто запаліць алімпійскі агонь? У перадалімпійскім Рыа толькі пра гэта і гаварылі. У журналісцкім спісе прагнозаў пад нумарам 1 - знакаміты Пеле. Як не пыталіся ў арганізатараў - абсалютнае маўчанне, і вось самы чаканы і эфектны момант цырымоніі адкрыцця XXXI летніх Алімпійскіх гульняў. Праўда, Пеле мы так і не ўбачылі. Агністую скульптуру запаліў марафонец Вандэрлей Кардэйра да Ліма.

Зараз, праз некалькі хвілін пасля цырымоніі адкрыцця, цяжка прагназаваць, якімі гэтыя Гульні ўвойдуць у гісторыю. Так, былі праблемы з падрыхтоўкай і фінансаваннем, так, допінгавыя скандалы адсунулі спорт на другі план, так, гавораць, тут небяспечна, ды і эпідэмія Зіка ўсё яшчэ не забытая. Але вельмі хочацца верыць, што ўсе гэтыя "так" застануцца ў мінулым, мы забудзем пра ўсё дрэннае хаця б на 20 дзён і проста пастараемся атрымаць задавальненне ад спорту, ад таго, што пакажуць гэтыя самыя 10 тысяч атлетаў.