Восем месяцаў застаецца да гульні зборных Еўропы і ЗША на мінскім стадыёне "Дынама"

9 января 2019

Гістарычная падзея для сусветнай лёгкай атлетыкі! Роўна 8 месяцаў застаецца да матчавай сустрэчы паміж зборнымі Еўропы і ЗША, якую прыме мінскі стадыён "Дынама". Наконт яе ўнікальнасці сёння гаварылі на прэс-канферэнцыі ў ратушы. Апошні такі турнір праходзіў у 1985 годзе. 

У кожным відзе праграмы будуць прадстаўлены па 4 атлеты ад Еўропы і ЗША. Усяго ў Мінску чакаецца 350 спартсменаў. У беларусаў будуць гарантаваныя месцы ў складзе зборнай кантынента.

Свен Арнэ Хансен, кіраўнік Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі: "Гэта гістарычная падзея для сусветнай лёгкай атлетыкі. Такія міжкантынентальныя турніры не праводзіліся вельмі даўно, і я рады, што традыцыя вяртаецца. У будучыні мы плануем праводзіць такія спаборніцтвы раз на два гады. Я рады, што адновяцца матчавыя сустрэчы менавіта ў Мінску. На маю думку, тут лепшы лёгкаатлетычны стадыён Еўропы. Упэўнены, усё пройдзе на высокім узроўні". 

Матч Еўропа - ЗША пройдзе 9 і 10 верасня 2019 года. У праграме турніру будуць прадстаўлены ўсе традыцыйныя віды лёгкай атлетыкі, а таксама змяшаныя эстафеты ў бегавых дысцыплінах.