Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/8 фіналу Australian Open

23 января 2016

Палова шляху пройдзеная. Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/8 фіналу першага ў сезоне турніру "Вялікага шлема" Australian Open.

Вікторыя Азаранка, 16-я ракетка свету: "Пяць тэнісістак з топ-10 пасеву ўжо прайгралі? Я не звяртаю на гэта ўвагу. Мяркую, гэта проста дэманструе ўзровень канкурэнцыі - трэба быць гатовай да кожнага матча, і я менавіта гэта і спрабую рабіць. Усе заўсёды нярвуюцца. Не гаварыце мне, што ёсць спартсмены, якія не нярвуюцца перад гульнёй. Важна тое, як ты гэтыя нервы выкарыстаеш. Ці выкарыстаеш ты іх на сваю карысць, каб завесціся, або ж ты дазволіш ім сябе задушыць?".

У паядынку за выхад у чвэрцьфінал Вікторыя Азаранка згуляе з Барбарай Стрыцавай. Гэты матч пройдзе ў панядзелак. Калі з папярэднімі суперніцамі па турніры Азаранка раней на корце ніколі не сустракалася, то з чэшскай тэнісісткай Вікторыя гуляла чатырохразова і нязменна перамагала, прычым у двух сетах. Двойчы Стрыцаву Азаранка абгуляла менавіта на Australian Open. Праўда, недаацэнкі суперніцы ў Вікторыі няма. Як прызналася беларуска на прэс-канферэнцыі, Барбару яна разглядае як патэнцыйна небяспечную тэнісістку. Бо на бягучым турніры яна ўжо абгуляла трэцюю ракетку турніру Гарбін Мугурусу.

Вікторыя Азаранка, 16-я ракетка свету: "Я гуляла супраць Барбары, і гэта ніколі не было лёгка. Ты ніколі не ведаеш, што адбудзецца. Я збіраюся падрыхтавацца да гэтага матча гэтак жа, як і да іншых: засяродзіцца на сабе і выкласціся на кожным удары. Я мяркую, што гэта лепшы падыход для мяне псіхалагічна, фізічна, і мне так больш падабаецца".

Букмекеры завуць Вікторыю безумоўным фаварытам сваёй паловы сеткі. Але яшчэ да старту Australian Open 8 з 11 экспертаў вядомага амерыканскага спартыўнага канала ESPN ставілі менавіта на беларуску. І сапраўды. Вікторыі як ніколі пашанцавала з сеткай турніру. З такімі тэнісісткамі, як Серэна Уільямс або Марыя Шарапава Азаранка можа сустрэцца толькі ў фінале. Амерыканка пакуль асаблівых праблем на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі не адчувае. Аднак не варта забываць, што для Уільямс гэта першы турнір за апошнія 4 месяцы. З-за траўмы калена яна адмовілася ад удзелу ў Кубку Хофмана. Для Шарапавай Australian Open пакуль складаецца не так лёгка. У паядынку з Лорэн Дэвіс, напрыклад, расіянцы прыйшлося гуляць тры сеты. Дарэчы, сустрэцца адна з адной Уільямс і Шарапава могуць ужо ў чвэрцьфінале.