У сталіцы праводзяць міжнародны турнір па веласпорце на трэку

2 сентября 2014

Скрэтч, омніум і гіт з месца. У такіх гонках сёння спаборнічаюць лепшыя велагоншчыкі сямі краін свету. Міжнародны турнір па веласпорце на трэку пад назвай Гран-пры Мінска праводзяць у сталіцы ўпершыню. Апошні раз трэк на Мінск-Арэне прымаў чэмпіянат свету па веласпорце. А сёлетні турнір стане падрыхтоўкай спартсменаў да чэмпіянату Еўропы.


Надзея Сербіненка прадоўжыць тэму.


Гран-пры Мінска - міжнародны турнір першай катэгорыі па веласпорце на трэку - праводзіцца ў сталіцы ўпершыню. Чэмпіянат сабраў 79 веласіпедыстаў з сямі краін свету. Сёння другі і апошні дзень спаборніцтваў. Хуткасць беларускіх веласіпедыстаў заўважылі суддзі міжнароднага класа.


Вікторыя Цюмнева з Тулы - член нацыянальнай зборнай Расіі па веласпорце. У Мінску на спаборніцтвах упершыню, але ўжо паспела ацаніць сталічны велатрэк. Зараз разлічвае на сваю хуткасць.


Перад гонкай усе зборныя на працягу 40 хвілін размінаюцца на спецыяльным трэнажоры. Мышцы павінны прывыкнуць да моцнай нагрузкі - падчас заезду спартсмены развіваюць хуткасць да 60 кіламетраў за гадзіну. Іна Савенка рыхтуецца да старту, які прынясе балы беларускай зборнай.


Асноўны рабочы інструмент гоншчыкаў - веласіпед. Таму вынікі спаборніцтваў шмат у чым залежаць і ад яго.


На вось такіх веласіпедах выступае нацыянальная зборная Беларусі. Тут кожная дэталь адыгрывае сваю ролю і дапамагае спартсмену набраць хуткасць. Колы звычайна без спіц, дыскавыя. А рама павінна быць лёгкай і жорсткай - таму яна выраблена з карбону. Да педаляў прышпільваюцца спецыяльныя велатуфлі. А каб знізіць супраціўленне сустрэчнага патоку ветру, спартсмены носяць вось такія шлемы.


За маладымі спартсменамі ўважліва сочыць Наталля Цылінская. Васьміразовая чэмпіёнка свету, прызёр Алімпійскіх гульняў дае парады маладым велагоншчыкам.


Нягледзячы на невялікую колькасць каманд-удзельніц, такія спаборніцтвы лічацца прэстыжнымі. У Мінску спартсмены набіраюць неабходныя балы, якія потым дадуць ім магчымасць удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях. Ужо сёння вечарам лепшых спартсменаў чакаюць узнагароды.