У Рупальдынгу сёння стартуе 5-ы этап Кубка свету па біятлоне

15 января 2020
Лепшыя біятланісты свету працягваюць змагацца за ўзнагароды этапаў кубка. На гэты раз страляючая лыжная эліта прыбыла  ў Рупальдынг. Першая гонка - жаночы спрынт -  пройдзе ўжо сёння. 

На каго ўскладае надзеі трэнерскі штаб зборнай Беларусі, і ў якіх  умовах надвор’я  прыйдзецца змагацца ўсім біятланістам - адказы ў сюжэце Ганны Любянковай. Біятлонны Кубак свету працягвае падарожжа па Германіі. На чарзе  пяты этап у Рупальдынгу. Пасля туманнага і дажджлівага Аберхофа спартсмены перабраліся ў сонечнае сярэднегор’е. Тэмпература паветра тут каля двух градусаў вышэй за нуль, натуральнага снегу няма, але штучная падушка шчыльная і рассыпацца да канца этапа не павінна. Тым больш па прагнозе ападкаў не чакаецца.

Наша каманда пасля паспяховага чацвёртага этапа прыбыла ў Рупальдынг тым жа саставам, трэнерскі штаб не ўносіў ніякіх змен. Напярэдадні біятланісты правялі афіцыйныя трэніроўкі. А ўжо сёння спаборніцкая праграма стартуе спрынтарскай гонкай у жанчын. Прамую трансляцыю жаночага спрынту глядзіце на тэлеканале "Беларусь 5". Пачатак гонкі ў 16:30.