У гарналыжным цэнтры Сілічы прайшло адкрыццё зімовага сезона

25 октября 2014

Пасля сезоннага водпуску дзверы расчыніў крыты каток.



Расказвае Дзмітрый Лукша.



Гэтыя хлопцы сапраўдныя ўладары лядовых баталій. Яны носяць ганарлівы тытул спартсменаў-прафесіяналаў. І прадстаўляюць юнацкую зборную Беларусі па фігурным катанні. Так, яны майстры сваёй справы, і ўсё іх жыццё праходзіць у цесным звязку з лёдам. Тым не менш, таксама горача і натхнёна яны кожны год чакаюць гэтую падзею. Адкрыццё зімовага сезона. Чаму ж лёду надаецца такая асаблівая ўвага? Адказ на гэтае пытанне зможа знайсці кожны, хто вырашыцца зняць з цвіка пару канькоў і праедзе па беласнежнай роўнядзі. Паверыць на слова складана, гэты момант трэба проста прачуць.



Адкрываць зімовы сезон сёлета вырашылі з размахам. Ледзь ці не з самай раніцы гасцей цэнтра сустракалі артысты. І зноў, як у казцы, яны прапаноўвалі не праходзіць міма, а зазірнуць у гэты імправізаваны лядовы замак. Вядома, больш за іншых такое відовішча радавала маленькіх фігурыстаў. Бо менавіта яны - галоўныя гледачы і ўдзельнікі кожнага зімовага шоу. Павітаць дарагую публіку і адначасова перарэзаць пунсовую стужачку выйшла сама Снежная Каралева. Праўда, у адрозненне ад усіх вядомага твора яна адтала і падарыла сапраўдны лядовы баль.



Дзмітрый Алешка, намеснік дырэктара РГЦ Сілічы: Каток карыстаецца даволі добрым попытам. Асабліва ў выхадныя дні людзі прыязджаюць цэлымі сем'ямі з Мінска, Лагойска, Лагойскага раёна. І я думаю, што з гэтага мерапрыемства пачнецца новы сезон 2014 - 2015 у нашым гарналыжным комплексе.



Тыя ж, хто сёння не змог нацешыцца лядовай эйфарыяй, яшчэ паспеюць гэта зрабіць. Каток ў Сілічах чакае сваіх заваёўнікаў. Тым больш што часу і месца для гэтага звышдастаткова. Пляцоўка кожны дзень гатовая прымаць да трохсот наведвальнікаў.


Вось такое адкрыццё зімовага сезона - гэта добры і ёмісты адказ сумным восеньскім вечарам. Бо што можа быць лепш за тое, як правесці час з карысцю і весялосцю тут, на катку. Застаецца толькі знайсці ў сабе сілы падняцца з канапы і прыехаць сюды. Эмоцыі відавочна будуць забяспечаныя.