У Беларусі рыхтуюцца да адказных і важных стартаў - II Еўрапейскіх гульняў

20 июня 2018

У Беларусі рыхтуюцца да адказных і важных стартаў - II Еўрапейскіх гульняў, да якіх застаецца роўна год.

Прадстаўнікі каардынацыйнай камісіі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якія гэтымі днямі знаходзяцца ў Мінску, адзначаюць: за апошнія некалькі месяцаў Беларусь істотна прасунулася па многіх напрамках.

Наколькі наша сталіца ўжо гатова да спартыўнага форуму, змаглі ацаніць і запрошаныя расійскія журналісты. Сёння ў рамках экскурсіі яны праехалі па галоўных вуліцах Мінска, змаглі ўбачыць спартыўныя арэны, дзе пройдуць спаборніцтвы, і атрымаць адказы на ўсе пытанні.

Расказвае Алена Гарэльчык.

Завочнае знаёмства з Еўрапейскімі гульнямі расійскія журналісты пачалі з невялікай экскурсіі па цэнтральных вуліцах Мінска. Спарткомлпекс "Уручча", цір Цімашэнкі, Палац спорту. Нашы калегі прызналіся: архітэктурная цікавасць нумар 1 у іх спісе - стадыён "Дынама".

Канчатковы прыпынак на сёння - Нацыянальны алімпійскі камітэт. І магчымасць больш падрабязна даведацца пра нюансы II Еўрапейскіх гульняў. Будучым летам у Мінск змагацца за медалі прыедуць больш чым 4 тысячы спартсменаў з 50 краін Еўропы.

Жорсткі адбор прайшлі 15 відаў спорту, у трох з іх (такіх, як веславанне на байдарках і каноэ, стральба і настольны тэніс) будуць разыгрывацца прамыя пуцёўкі на Алімпіяду ў Токіа. У астатніх - рэйтынгавыя ачкі для адбору на Гульні-2020. У чатырох відах спорту (боксе, бадмінтоне, веславанні і дзюдо) ў Мінску адначасова пройдзе і чэмпіянат Еўропы. Многія іншыя дысцыпліны, якія не ўвайшлі ў праграму, стануць паказальнымі.

У дырэкцыі паабяцалі ў хуткім часе прадэманстраваць і талісман Еўрапейскіх гульняў. І тут жа заінтрыгавалі: ён можа быць не адзін.

Некалькі дзён у Мінску працуе і каардынацыйная камісія Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Напярэдадні спартыўныя функцыянеры ЕАК атрымалі поўную справаздачу аб працэсе падрыхтоўкі да Еўрапейскіх гульняў. Заўваг няма. Усё ідзе згодна з планам.

Сёння ў Мінску з візітам знаходзяцца і прадстаўнікі іспанскай вяшчальнай кампаніі, якая будзе арганізоўваць трансляцыі спаборніцтваў. I Еўрапейскія гульні ў Баку паглядзела каля паўтара мільярда чалавек. Задача арганізатараў II Еўрапейскіх гульняў - зрабіць гэтую аўдыторыю значна большай.

І, як гаворыцца, аб набалелым для нашых расійскіх калег. Падчас чэмпіянату свету па футболе ў Расіі ў дзясяткі разоў падняліся цэны на жыллё.

Адно з найважнейшых пытанняў, над якім працуе сёння аргкамітэт, - гэта арганізацыя транспарту. Паміж спартыўнымі аб'ектамі будуць курсіраваць брэндзіраваныя аўтобусы, і ў заторах гэтаму транспарту стаяць не прыйдзецца. Для іх будзе выдзелена спецыяльная паласа, пасля гульняў яна застанецца за грамадскім транспартам. Акрамя таго, платныя дарогі на месяц (па тыдні да, падчас і пасля) стануць для замежных грамадзян бясплатнымі. Пры ўмове перамяшчэння па іх на легкавых аўтамабілях.

Сёння на "Дынама" наводзяць глянец. Заўтра тут пройдзе ўрачыстая цырымонія адкрыцця стадыёна, у рамках якой адбудзецца футбольны матч паміж зборнай клубаў і аб'яднанай камандай мінскага і брэсцкага "Дынама".

Усе нюансы цырымоніі адкрыцця трымаюцца ў таямніцы. Сакрэты не раскрываюць і самі ўдзельнікі мерапрыемства. Гавораць толькі: ад убачанага ўнутры стадыёна займае дух.