Тэлеканал "Беларусь 5" з заўтрашняга дня становіцца агульнадаступным

30 июня 2015

Вялікі спорт адкрывае сваю тэлепрастору для кожнага. Тэлеканал "Беларусь 5" з заўтрашняга дня становіцца агульнадаступным. Для шматлікіх беларусаў спорт ужо не проста хобі, а лад жыцця. У гэтым кантэксце "Беларусь 5" адыгрывае немалую ролю. Турніры, чэмпіянаты, алімпіяды - усё самае цікавае гледачы могуць назіраць у прамым эфіры. Хто стварае першы ў Беларусі спартыўны канал - у рэпартажы Андрэя Казлова.

Усе рэйтынгавыя падзеі сусветнага спорту з заўтрашняга дня будуць даступныя для тэлегледачоў усёй краіны. Тэлеканал "Беларусь 5" уключаюць у агульнадаступны пакет праграм. А значыць ні адно топавае спаборніцтва не пройдзе без вашай увагі.

Павел Булацкі, галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 5": "Усё, што адбываецца ў Беларусі, мы імкнёмся максімальна паказваць. Гэта прыцягвае ўвагу людзей. Здаровы лад жыцця заўсёды быў папулярны ў нашай краіне. І вельмі прыемна, што тэлеканал "Беларусь 5" да гэтага мае непасрэднае дачыненне".

Першы ў нашай краіне спартыўны тэлеканал "Беларусь 5" з дапамогай кабельных аператараў электрасувязі з'явіўся ў эфіры ў кастрычніку 2013 года. За гэты час істотна пашырана сетка вяшчання, з'явіліся новыя праекты і новыя асобы.

Алімпійскія гульні ў Сочы, чэмпіянат свету па футболе ў Бразіліі, Ліга чэмпіёнаў і Ліга Еўропы, Кантынентальная хакейная ліга. Менавіта дзякуючы "Беларусь 5" на працягу амаль двух гадоў тэлегледачы маглі назіраць усё самае цікавае са свету спорту. Аднак тэлеканал робіць акцэнт на падзеях спорту беларускага.

У новым тэлевізійным сезоне тэлеканал стане не толькі больш даступным, але і цікавейшым.

Аксана Маркоўская, намеснік галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 5": "У будучым сезоне мы захаваем ранейшы аб'ём спаборніцтваў, якія мы транслюем. Мы, вядома, будзем рабіць упор на беларускіх спартсменаў, адпаведна будзем паказваць Алімпіяду ў Рыа".

Тэлегледачы прывыклі да галасоў каментатараў, многія лічаць, што толькі ад іх залежыць вынік. На "Беларусь 5" працуе вялікая творчая група, многія застаюцца за кадрам.

Аксана Маркоўская, намеснік галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 5": "Гэта і рэжысёры, і рэдактары, якія сочаць за тым, каб эфір быў якасны. Гэта і тэхнічны персанал на хатніх матчах".

Сяргей Мацкевіч, загадчык аддзела каментатараў і падрыхтоўкі тэматычных праграм тэлеканала "Беларусь 5": "Я не магу вылучыць турнір, які тэлеканал "Беларусь 5" адпрацаваў лепш або горш. На маёй памяці ўсе тыя глабальныя спаборніцтвы, якія асвятляліся на "Беларусь 5", з цікавасцю глядзеліся і слухаліся".

Вялікі спорт з гэтага дня адкрыты для кожнага, 1 ліпеня - другі дзень нараджэння ў гісторыі "Беларусь 5". Аднак пасыл тэлеканала: не варта сачыць за спортам выключна па тэлевізары, спортам варта, перш за ўсё, займацца, і асабіста наведваць спартыўныя падзеі ў нашай краіне.