Сёння ў Мінску стартуе 11-ы чэмпіянат свету па футзале

17 апреля 2015

Спартыўнае свята будзе праходзіць у краіне на працягу 8 дзён. 16 зборных разыграюць тытул пераможца: афіша матча адкрыцця вельмі гучная - Беларусь - Бразілія.

Расклад і рэгламент турніру, цэны на білеты, задача мінімум для нашай зборнай - у сюжэце Станіслава Ліпскага.

У нашу краіну на 11-ы чэмпіянат свету па футзале прыехалі 16 зборных. Каманды падзелены на чатыры квартэты. У сваіх групах яны згуляюць аднакругавы турнір, па выніках якога ў чвэрцьфіналы выйдуць па дзве лепшыя дружыны. Зборная Беларусі - дзеючы чэмпіён Еўропы, таму задача мінімум для нашай каманды - заваяваць медалі.

Дружына Сяргея Сафонава да турніру падыходзіць у наймацнейшым складзе: траўміраваных няма, да планетарнага форуму каманда рыхтуецца ўжо на працягу месяца.

Раланда Аларкон Рыіс, прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі футзала: "Апошні раз еўрапейскі кантынент прымаў чэмпіянат свету 21 год назад. Ён праходзіў у Італіі, і цікава, што тады выйграла турнір ўпершыню ў яго гісторыі зборная Старога Свету - Партугалія, думаю, гэты факт беларусаў павінен натхняць".

У рамках турніру пройдзе 32 матчы: Пінск, Брэст, Барысаў, Маладзечна і Мінск прымуць паядынкі чэмпіянату. Сёння адбудзецца толькі адзін, а вось у суботу - адразу 7 матчаў. Цэны на гульні больш чым дэмакратычныя: ад 60 да 210 тысяч.

Максім Кашкалда, каардынатар чэмпіянату свету па футзале - 2015: "На дадзены момант прададзена каля 40 000 білетаў - гэта 80% ад агульнай колькасці, прыкладна тры тысячы білетаў былі набытыя праз Інтэрнэт замежнымі аматарамі футзала".

Акрамя невысокіх цэн на квіткі, арганізатары чэмпіянату рыхтуюць і забаўную праграму для балельшчыкаў: у зонах гасціннасці будуць працаваць пункты харчавання і сцэнпляцоўкі.

Цырымонія адкрыцця турніру стартуе ў 18:30, за паўгадзіны да першага матча турніру, з вельмі гучнай афішай Беларусь - Бразілія. Гаварыць пра сілу паўднёваамерыканскай зборнай не будзем. Адзначым, гэта каманда - двухразовы чэмпіён свету, яшчэ тройчы станавілася прызёрам мундыяля. Тым жа, хто не зможа ўвачавідкі ўбачыць супрацьстаянне дзвюх каманд, тэлеканал "Беларусь 5" падрыхтуе трансляцыю - яе старт у 21:50.